У Беларусі Велікодны панядзелак працоўны, а як у суседзяў?

1408543912_1366341880_kalendarЯшчэ нядаўна ў Беларусі Велікодны панядзелак быў выходным днём. Аднак у 1998 годзе прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адмяніў гэтую практыку, пакінуўшы вернікам для святкавання толькі нядзелю. Аднак у свеце краін, дзе грамадзяне не працуюць у велікодны панядзелак, даволі шмат.

Гэтак у Еўропе выходным панядзелак з’яўляецца ў Албаніі, Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грузіі, Грэцыі, Кіпры, Італіі, Партугаліі, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Харватыі, Чарнагорыі, Чэхіі, Швейцарыі і Швецыі. Велікодны панядзелак таксама выходны ў Аўстраліі, амаль ува ўсёй Канадзе, у многіх краінах Лацінскай Амерыкі і Вест-Індыі, Паўднёвай Афрыцы, арабскім Ліване і некаторых іншых краінах.

Што тычыцца найбліжэйшых суседзяў Беларусі, то Велікодны панядзелак, як і фармальна сам Вялікдзень, не з’яўляецца выходным толькі ў Расіі. Адменена яго афіцыйнае святкаванне і ў далучаным у мінулым годзе ўкраінскім Крыме.

У Літве і Польшчы выходнымі днямі з’яўляюцца і Вялікдзень, і Велікодны панядзелак па грыгарыянскім календары, якім карыстаюцца каталікі і пратэстанты. Ва Украіне фармальна Велікодны панядзелак працоўны, але ў краіне дзейнічае правіла: калі святочны непрацоўны дзень прыпадае на нядзелю, то панядзелак абвяшчаецца выходным. Такім днём ва Украіне з’яўляецца Вялікдзень паводле юліянскага календара (святкуюць праваслаўныя і мясцовыя грэка-каталікі), таму Велікодны панядзелак з’яўляецца тут выходным.

А вось у Латвіі непрацоўныя адразу тры дні – Вялікдзень, Велікодны панядзелак і Вялікая пятніца паводле грыгарыянскага календара. Таму ў паўночнай суседкі Беларусі атрымліваюцца цэлыя велікодныя вакацыі, сёлета — з 3 па 6 красавіка.

Беларусы ж і 6, і 13 красавіка вымушаныя ісці на працу.

krynica.info

для друку для друку