У Беларусі хрысціянскім музычным гуртам не хапае фестываляў

festivalБадай, найбольш актыўны каталіцкі музычны гурт Беларусі, які мае назву “Laudans”, ладзіць у гэтыя дні каляднае турнэ па парафіях краіны. Нядаўна гурт выступіў у Гомелі, дзе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё пагутарыла з лідэрам калектыву Андрэем Лугіным.

Ён распавёў, што гурт вырас з праекту песень на вершы польскага ксяндза-паэта Яна Твардоўскага ў перакладзе на беларускую мову. Пачаліся гастролі, паступова змяняўся склад калектыву і ўрэшце цяпер “Laudans” складаецца з вакаліста і гітарыста Андрэя Лугіна і Алёны Палачанскай, якая грае на сінтэзатары і таксама складае песні. Часта гурт запрашае іншых музыкаў.

У цяперашнюю Калядную праграму ўваходзяць творы англійскага кампазітара Джона Раттэра, старыя і новыя творы гурта, а таксама калядкі ў ва ўласнай інтэрпрэтацыі. Дарэчы, назва гурта перакладаецца з лацінскай мовы як “той, хто славіць”. У верасні мінулага года музыкі выпусцілі дыск “Завысока заблізка”, у які ўвайшлі 14 кампазіцый.

Па словах Андрэя, праблемаў падчас гастроляў па парафіях Беларусі не ўзнікае, наадварот мясцовыя вернікі ствараюць добрыя ўмовы для выступаў – большасць пробашчаў згаджаюцца прыняць музыкаў, ідуць насустрач, многія запрашаюць прыехаць зноў.

У той жа час лідэр гурта адзначае, што жыць з хрысціянскай музыкі ў Беларусі немагчыма: “Спадзяюся, што з цягам часу гэта павінна змяніцца, яно ідзе на змены. Зразумела, што будуць перашкоды, якія патрэбна пераадолець – з цягам часу, калі людзі будуць прыходзіць, калі гэта будзе запатрабавана, а гэта павінна быць запатрабавана. Калі мы будзем дылетантамі, то гэта ніколі не прывядзе да патрэбнага ўзроўню, але Бог заслугоўвае таго, каб мы на добрым узроўні славілі Яго”, — лічыць ён.

Што яшчэ акрамя фінансавага складніка перашкаджае развіццю хрысціянскай музыкі ў Беларусі? Андрэй лічыць, што каталіцкім гуртам краіны не хапае агульных фестываляў: “Фестываль быў у мінулым годзе ў Баранавічах, які сабраў тысячу чалавек. Калі б такіх было хаця б некалькі на год, людзі пачалі б прывыкаць.

Бо ў парафіях хтосьці сыходзіць, хтосьці спяшаецца, бо людзі не прывыкшыя да таго, што канцэртная музыка ў Касцёле можа быць. Не хапае таго, што людзі былі б гатовыя пайсці ў Дом культуры на канцэрт хрысціянскай музыкі.

Але гэта ўжо наступны крок, бо будуць узнікаць пэўныя цяжкасці ў мысленні людзей. Калі мы гэтага дасягнем, будзе фінансавае паляпшэнне ў хрысціянскай музыцы ў Беларусі. Грошы за квіткі будуць падтрымкай для музыкаў, тым, з чаго яны змогуць выжыць, набыць новыя інструменты”, — лічыць музыкант.

Трэба сказаць, што гурт “Laudans” ужо пачаў супрацоўніцтва са свецкімі ўстановамі – музеямі, універсітэтам, што таксама дае магчымасць для развіцця.

Алена Германовіч, Павел Міцкевіч.

для друку для друку