У Беларусь прыбудзе кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін

Пьетро ПаралінАдбудзецца афіцыйны візіт кардынала Пьетра Параліна, Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці папы Францішка, у Беларусь, паведаміў інтэрнэт-партал catholic.by.

Ён пройдзе з 12 па 15 сакавіка па запрашэнні беларускіх уладаў.

“Гэтым важным жэстам Рымскі Пантыфік жадае выказаць сваю глыбокую павагу да беларускага народа і праз свайго бліжэйшага супрацоўніка спаткацца з католікамі Беларусі ў малітве і еднасці сэрцаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падчас свайго знаходжання ў краіне кардынал Паралін сустрэнецца з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і правядзе шэраг сустрэч на самым высокім узроўні. Ён таксма асвяціць першы камень новага будынка Апостальскай нунцыятуры ў Мінску.

Дакладная праграма візіту пакуль невядома, але плануецца, што кардынал Дзяржсакратар сустрэнецца з мясцовым каталіцкім епіскапатам, моладдзю і вернікамі краіны, правядзе спатканне з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам.

У сувязі з візітам, Апостальская нунцыятура ў Беларусі выказала глыбокую ўдзячнасць папу Францішку “за гэтую зычлівую ініцыятыву” і заклікала католікаў краіны маліцца аб яго паспяховым выніку.

“Ушаноўваючы пакутніцкую гісторыю Беларусі і раздзяляючы яе надзеі на будычыню, Пантыфік высока ацэньвае тое, што Беларусь стала месцам сустрэчы і дыялогу бакоў, уцягнутых у драматычны канфлікт, які сатрасае рэгіён”, — гаворыцца ў паведамленні.

для друку для друку