У Бараўлянах адбыўся семінар па ахове дзяцей ад насілля

10 і 11 чэрвеня ў салезіянскім араторыі імя св. Дамініка Савіо, які дзейнічае пры парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах, адбыўся семінар па ахове дзяцей ад насілля.

Семінар праводзілі Маргарыта Прахіна з грамадскага аб’яднання “Дзеці не для насілля” і Зігрыт Шпілдэнберк, прадстаўніца “Карытаса” дыяцэзіі Лінц з Аўстрыі. Удзельнікамі семінару сталі вернікі салезіянскіх парафій з Мінску, Смаргоні, Дзятлава і Бараўлян, якія рэалізуюць сваё пакліканне ў працы з дзецьмі і моладдзю. На сустрэчы прысутнічалі таксама святары-салезіяне на чале з рэгіянальным настаяцелем салезіянскага таварыства ў Беларусі ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB.

Мэтай сустрэчы было найперш тое, каб паказаць прысутным спосабы выяўлення некарэктных паводзін у дачыненні да дзяцей у школах, сем’ях, на вуліцы. Таксама разважалі аб тым, якім чынам можна дапамагчы дзецям, якія сутыкнуліся з жорсткасцю з боку дарослых і аднагодкаў. Удзельнікі дзяліліся сваім вопытам працы з дзецьмі ў школах і ў салезіянскіх араторыях.

Да тэмы насілля над дзецьмі не павінен абыякава ставіцца ніводны чалавек, асабліва той, які стараецца ў сваім жыцці рэалізоўваць харызму св. Яна Боско. Бо словы “Не кулакамі, але любоўю заваюеш сэрца маладога чалавека”, сталі сапраўдным дэвізам усіх салезіян. Рэалізоўваць палітыку любові і неабыякавасці да кожнага, а асаблівым чынам да маладога чалавека, з’яўляецца нашым непасрэдным абавязкам. Таму дадзены семінар быў добрай нагодай паразважаць і падзяліцца сваімі думкамі на конт тых пытанняў, якія для многіх з’яўляюцца вельмі балючымі.

Семінар праходзіў у цікавай форме, ён уключаў у сябе прэзентацыі, гульні, абмеркаванні , разважанні над канкрэтнымі жыццёвымі сітуацыямі. Падчас перапынкаў адбываліся асабістыя размовы ўдзельнікаў. Як вынік можна адзначыць, што выходныя прайшлі плённа: адбылося знаёмства з цікавымі людзьмі, набыты новыя веды. Будзем спадзявацца на працяг такога важнага супрацоўніцтва ў будучым.

sdb.by

 

для друку для друку