У Баранавічах пройдзе VI фестываль хрысціянскай музыкі «Дастукацца да нябёсаў»

Стаў вядомы спіс удзельнікаў фэсту «Дастукацца да нябёсаў», які пройдзе ў Баранавічах 11 лютага.

Як распавёў арганізатар, каталіцкі святар Павел Рудзьман, душпастыр моладзі Пінскай дыяцэзіі, на трохгадзінным марафоне хрысціянскай музыкі выступяць шэсць каманд, усе яны — каталіцкія. Гэта група пінскай духоўнай семінарыі «Подых духа», калектыў гродзенскай семінарыі «Ave» (таксама будзе магчымасць пагутарыць з клерыкамі), моладзевы рух OPEN, салезіянскі гурт «Небасхіл», евангелізацыйная праекты «Рыбы» і «Step Project».

Кс. Павел дадаў, што ў якасці службы парадку на канцэрце ўпершыню будуць прысутнічаць каталіцкія скаўты.

VI Фестываль «Дастукацца да нябёсаў» пройдзе 11 лютага ў баранавіцкім Доме культуры тэкстыльшчыкаў, уваход вольны, пачатак у 19.00. Тэма сёлетняга фестывалю, які пройдзе ў Баранавічах ўжо ў шосты раз, — «Каб усе былі адно».

План маршруту ад вакзалаў да Дома культуры:

— Ад аўтавакзала і чыгуначнага вакзала «Баранавічы-Палескія» — аўтобус №7

— Ад цэнтральнага чыгуначнага вакзалу — аўтобус №23 да вакзала «Баранавічы-Палескія», там перасесці на аўтобус №7. Ці ехаць ад вакзалу аўтобусам №25 да прыпынку ТЭС, там перасесці на аўтобус №6.

katolik-gomel.by

для друку для друку