У Баранавічах пройдзе майстр-клас для аніматараў Сужэнскіх Сустрэч

Абраз Сужэнскіх сустрэч (1)«Cужэнствы, якія перажываюць крызіс і прыязджаюць на Сужэнскiя Сустрэчы».
Пад такой назвай з 16 па 18 кастрычніка ў Баранавічах пройдзе Майстр-клас для аніматараў Сужэнскіх Сустрэч, які правядуць заснавальнікі Руху «Сужэнскія Сустрэчы» Ірэна і Ежы Гжыбоўскія.

Акрамя аніматараў з Беларусі ўдзельнікамі будуць сужэнствы і святары з Латвіі, Літвы, Украіны грэка-каталіцкага і лацінскага абрадаў, а таксама аніматары праваслаўнай галіны Сужэнскiх Сустрэч з Расіі.

Апошнім часам удзельнікамі рэкалекцый Сужэнскiх Сустрэч усё часцей становяцца сужэнствы, якiя перажываюць сур’ёзныя крызісы, вельмі часта аніматары з’яўляюцца сведкамі таго, што ўдзел у рэкалекцыях становіцца пачатковай кропкай выхаду з цяжкіх жыццёвых абставінаў.

Аднак, разам з тым, бачым, што, акрамя ўдзелу ва ўікэндзе і сустрэчах паслярэкалекцыйных, пары шукаюць дапамогі ў непасрэдным кантракце з аніматарамi, хочуць паразмаўляць, параіцца.

Для многіх аніматараў асабліва маладых, гэта бывае даволі складаным:
— У нас такі маленькі вопыт;
— Мы самі яшчэ такiя слабыя;
— У нас няма кампетэнцыі, спецыяльнай адукацыі;
— Пагаварыце лепш са святаром альбо больш дасведчанымі сужэнствамi — гэта толькі некаторыя з сумненняў, з якімі сутыкаюцца аніматары ў падобных сітуацыях.

Але з іншага боку, калі бачым, што так здарылася, што даверыліся менавіта нам, як выслухаць так, каб людзі былі пачутыя, і пры гэтым не заняць чыйсьці бок у канфлікце? Як адрэагаваць, каб сваёй рэакцыяй не ацаніць, не зняважыць, не праявіць сваёй перавагі? Якія словы падабраць, каб дапамагчы, падтрымаць? Як слухаць сужэнцаў, якія сутыкнуліся з здрадай? Як дапамагчы справіцца з крыўдай і нянавісцю? І нарэшце, як зрабіць так, каб крызіс стаў шанцам для развіцця сужэнства, а не пачаткам шлюбаразводнага працэсу?

Спадзяемся, што практычная накіраванасць майстар-класа дапаможа аніматарам лепш падрыхтаваць сябе да чаканняў, з якімі прыходзяць да нас сужэнцы, якiя перажываюць крызіс.

Лiдары Руху ў Беларусi, Алена i Павел Кузьмiцкiя

для друку для друку