У Бараўлянах распачынаецца будаўніцтва новага касцёла

праект новога касцёла

Цэнтрам хрысціянскай традыцыі і культуры, а таксама яе сімвалам з’яўляецца святыня, касцёл. Ад моманту асвячэння і ахвяравання будынка касцёла на выключнае карыстанне рэлігійнага культа ён становіцца для вернікаў святым, Божым, сакральным месцам і аб’ектам.

У касцёле засяроджваюцца ўсе іншыя сакральныя элементы, прадметы культа і формы релігійнага жыцця. Найважнейшыя з іх: абразы, алтары, крыжы, харугвы, літургічнае адзенне і начынні. У касцёле Божы люд цэлебруе Эўхарыстыю, а таксама святыя сакрамэнты. Такім чынам, сам аб’ект з яго стылем, яго ўнутраным убранствам і літургічнымі абрадамі састаўляе візуальны вобраз Божай прысутнасці сярод нас. Таму вельмі важнай з’яўляецца прысутнасць святынь сярод нашых дамоў. Важна, каб святыні служылі нам не толькі для літургічнага сходу, але таксама, каб наталялі ў нашых душах той таямнічы голад Бога, які кожны носіць у сваім сэрцы.

Бараўлянская супольнасць, маючы часовую святыню – драўляную капліцу – распачынае будаўніцтва новага храма – прыгожага цаглянага касцёла, які б болей адпавядаў марам, жаданням і духоўным памкненням членаў супольнасці. Новы касцёл будзе пабудаваны з цэглы ў аднолькавым стылі з існуючым аб’ектам манаскага дома салезіянаў і араторыя, якія знаходзяцца ў адным будынку. Святыня будзе злучацца ў адно цэлае з салезіянскім кляштарам, ствараючы прыгожы сакральны коплекс.

праект новога касцёла

Праект касцёльнага аб’ета ў Бараўлянах будзе нагадваць неагатычныя касцёлы, якіх так шмат пабудавалі нашыя продкі на беларускай зямлі. Збоку касцёла – ля алтарнай часткі – дамінаваць будзе досыць высокіх памераў вежа з выцягнутым уверх шпілем. Вежа ў сакральным будаўніцтве з’яўляецца сімвалам збаўлення. У І-й Кнізе Хронік чытаем: “Пан ёсць вежай свайго збаўлення”. Такая інтэрпрэтацыя будаўніцтва веж існавала праз усю гісторыю сакральнага будаўніцтва. Людзі, калі бачылі шпілі велічных катэдраў і парафіяльных святынь, абуджалі ў сэрцах прагненне збавіць сваю душу і як бы спантанна падарожнікі рабілі знак крыжа, як толькі вежа пакажацца ім з-за дрэў.

праект новага касцёла

Пад вежай будзе знаходзіцца капліца з ужо цудадзейным абразом Бараўлянскай Успамогі Верных. Вакол гэтага абраза дзеюцца цуды, якія людзі выпрашваюць ў Бога праз заступніцтва Мадонны ксяндза Боско. Сведкамі цудаў з’яўляюцца не толькі вочы Бараўлянскай Панны на абразе, але і людзі, якія пачалі вешаць у алтары як знак удзячнасці за атрыманыя ласкі каштоўныя вота-падзякі.

Вернікі Бараўлянаў, а таксама салезіяне, якія апякуюцца мясцовай аўчарняй Хрыста, маюць надзею, што будаўніцтва новага касцёла Марыі Успамогі Хрысціянаў стане пачаткам рэалізацыі плана, які складаецца з таго, каб тут, на бараўлянскай горцы, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія мела яшчэ адзін марыйны санктуарый.

Будоўля касцёла, безумоўна, з’яўляецца радасцю, але таксама і клопатам. Перадусім – гэта вялікія кошты, якія трэба вызначыць будаўнічым, а таксама на закупку патрэбных матэрыялаў. З гэтай нагоды салезіяне і бараўлянская супольнасць рымскіх католікаў просяць усіх людзей добрай волі аб дапамозе ў будаўніцтве, а таксама просяць памятаць у сваіх малітвах пра новы храм, які толькі-толькі нараджаецца на нашай бацькаўшчыне.

SDB.by

для друку для друку