У Ашмянах развіталіся з татам біскупа Аляксандра Яшэўскага

13 сакавіка ў Ашмянах адбылося пахаванне Гендрыга Яшэўскага – бацькі дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB.

Тата біскупскага вікарыя для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці адышоў у вечнасць 11 сакавіка ва ўзросце 65 гадоў пасля працяглай хваробы, аднак непасрэднай прычынай раптоўнай смерці стаў адрыў тромба. Развітанне са спачылым адбылося ў касцёле св. Міхала Арханёла ў Ашмянах – у парафіі, да якой спачылы належаў апошнія дзесяць гадоў свайго зямнога жыцця.

Падтрымаць сям’ю ў жалобе сабраліся шматлікія святары, кансэкраваныя асобы, родныя і сябры. Свае спачуванні біскупу Аляксандру з прычыны смерці бацькі напярэдадні выказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які асабіста не змог прысутнічаць на пахаванні з-за запланаванай на гэты дзень складанай аперацыі. Словы спачування і падтрымкі перадаў свайму сабрату таксама Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які цяпер прадстаўляе беларускі Касцёл за мяжой.

З дома памерлага праводзіў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, абрады пахавання ў касцёле і на могілках правёў Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч, а цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы ўзначаліў прадстаўнік папы Францішка ў Беларусі Апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр. Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў Віцебскі біскуп Алег Буткевіч.

Напачатку іерарх звярнуў увагу на той асаблівы час развітання са спачылым Гендрыгам, які адышоў у вечнасць на самым пачатку Вялікага посту.

“Роўна тыдзень таму, у Папяльцовую сераду, мы пасыпалі галовы попелам на знак прамінальнасці ўсяго зямнога. Пост – гэта перыяд, які рыхтуе нас да Уваскрасення Хрыста. Нават зменлівае сакавіцкае надвор’е цёплым па-веснавому сонейкам апрaмяніла гэты дзень, як быццам асвятляючы яго надзеяй: надзеяй на вечнае жыццё з Хрыстом пасля смерці”, – сказаў біскуп Алег.

Іерарх зазначыў, што яму не давялося пазнаёміцца з татам біскупа Аляксандра пры жыцці, аднак плён яго жыцця – сын-біскуп – сведчыць пра спачылага як пра чалавека вышэйшых хрысціянскіх якасцяў. Падбадзёрваючы свайго сабрата ў апостальскім служэнні ў цяжкую для яго і ягоных родных хвіліну, біскуп Алег дадаў:

“Мы можам спадзявацца на тое, што, адыходзячы з гэтага свету, Гендрыг ідзе да Пана Бога па ўзнагароду вечнага жыцця.

…Сёння тата біскупа Аляксандра становіцца яго заступнікам перад Богам, каб падтрымліваць свайго сына ў служэнні Касцёлу”.

На заканчэнне Эўхарыстыі дзякуючы ад свайго імя, а таксама ад імя сваёй мамы, сястры і бабулі ўсім прысутным, біскуп Аляксандр Яшэўскі згадаў пра тое, якім чалавекам ён запамятаў свайго тату.

“Галоўнай яго рысай была надзвычайная цярплівасць. Ён ніколі і ні на што не скардзіўся.

…Клопат пра сям’ю быў у ягоным жыцці на першым месцы. Калі б ён даведаўся, што я ў Магілёве не меў бы хлеба, ён сеў бы ў машыну і прывёз. Калі штосьці было патрэбна маёй сястры, ён сядаў на цягнік і ехаў да яе ў Маскву, каб дапамагчы”, – распавёў біскуп пра свайго бацьку.

Пасля абрадаў развітання ў касцёле пахавальная працэсія, што складалася з некалькіх дзясяткаў машын, вырушыла на могілкі ў вёску Войневічы, што знаходзіцца паміж Ашмянамі і Барунамі. Там, на роднай зямлі, на сціплых вясковых могілках і быў пахаваны Гендрыг Яшэўскі.

Памяць пра яго заўсёды застанецца ў сэрцах і малітвах многіх людзей, перадусім ягоных дзяцей, а ён будзе суправаджаць іх сваёй нябачнай, але надзейнай падтрымкай з дома Нябеснага Айца.

Catholic.by

для друку для друку