У амбасадзе Літвы ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі «З Богам па-беларуску»

12У Мінску ў Амбасадзе Літвы 2 чэрвеня адбылася прэзентацыя кнігі Аляксандра Адамковіча «З Богам па-беларуску», якая прысвечана вывучэнню беларускага рэлігійнага жыцця ў Літоўскай Рэспубліцы.

Аляксандр Адамковіч – старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве, малады лідар беларускай дыяспары ў сённяшняй Літоўскай Рэспубліцы.

Ва ўступным слове Павел Севярынец, палітык і публіцыст,  адзначыў: “Кніга “З Богам па-беларуску” – частка фундаментальнай працы “Беларусы ў Літве: учора і сёння”. Гэта кніга пра рэлігійных дзеячаў. Гэта кніга пра людзей, якія ахвяравалі сваімі жыццямі, каб жыла Беларусь… Дзеячы, пра якіх піша Алесь Адамковіч – неацэненыя героі нашай гісторыі.”

Да прысутных звярнуўся пасол Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус, які заўсёды падтрымлівае беларускія імпрэзы. Ён выказаў словы радасці і гонару па прычыне таго, што прэзентацыя кнігі пра беларусаў у Літве адбываецца менавіта ў мінскай амбасадзе.

8

 Прэзентацыя працягнулася выступленнем ганаровага старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў,  доктара філалагічных навук, прафесара Адама Мальдзіса. Адам Восіпавіч выказаў сваё меркаванне пра кнігу: “Кніга гэтая ўнікальная. Яе назва “З Богам па-беларуску” – падзея і для культуры, і для ўсіх хрысціян”.

Сам Аляксандр Адамковіч у сваёй прамове скіраваў шчырыя словы падзякі ўсім тым, хто дапамог арганізаваць прэзентацыю і тым, хто фінансава падтрымаў кнігу.

“У выданні змешчаны матэрыялы, якія датычаць Грэка-каталіцкай Царквы, Метадысцкай Царквы, Праваслаўнай і Рыма-каталіцкага Касцёла. Кніга зараджалася для таго, каб паказаць беларускія сляды ў сённяшняй Літоўскай рэспубліцы, таму, што яны маюць глыбокія гістарычныя карані. У працэсе даследванняў сабралася шмат матэрыялаў пра беларускі рэлігійны рух, таму хацелася паказаць, што ён адыгрываў важную ролю ў фарміраванні беларускай нацыянальнай свядомасці”, –  адзначыў аўтар.

Напрыканцы выступлення спадар Аляксандр прапанаваў прысутным відэа з Першай Святой Камуніі ў беларускім Касцёле Святога Барталамея ў Вільні.

На прэзентацыі былі прысутныя грэка-каталіцкі святар Яўген Усошын і праваслаўны айцец Сергій Гардун.

15

Музычнымі кампазіцыямі рэлігійнай тэматыкі ўпрыгожылі сустрэчу бард Таццяна Матафонава, бард Андрэй Мельнікаў, хор Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў.

Напрыканцы прысутныя мелі магчымасць набыць кнігу «З Богам па-беларуску» і атрымаць аўтограф.

Ірына Грэйць, тэкст і фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі