У Альшанцы адбылося парафіяльнае свята «І да танца, і да ружанца»

alszanka_swata_22 кастрычніка ў парафіі Святога Духа ў Гродне (мікрараён Альшанка) адбылося парафіяльнае свята «І да танца, і да ружанца». Урачыстую св. Імшу ў гэты дзень узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыцэзіі Юзаф Станеўскі.

Падчас набажэнства казанне прамовіў кс. Андрэй Скамарошка, які разважаў з дзецьмі пра зерне веры:

— Пасадзіўшы зерне, мы павінны клапаціцца пра яго, каб яно прарасло і дало добры плён.

Парафіяльнае свята супала з Днём настаўніка. З гэтай нагоды біскуп Юзаф павіншаваў прысутных сярод вернікаў працаўнікоў навучальных устаноў, а таксама бацькоў, «бо менавіта айцы і матулі з’яўляюцца галоўнымі настаўнікамі ў жыцці кожнага чалавека».

alszanka_swata_4

Пасля заканчэння св. Імшы сабраныя памаліліся на ружанцы ў інтэнцыі маладой парафіі, просячы аб усіх неабходных для яе ласках.

Затым адбылося выступленне дзіцячага парафіяльнага ансамбля «Анёлы», які налічвае ўжо амаль паўсотні дзяцей ва ўзросце ад 2 да 5 гадоў.

alszanka_swata_3

Падчас свята вернікі таксама мелі магчымасць паслухаць спевы гурта «OPEN», паўдзельнічаць у разнастайных конкурсах, скаштаваць прысмакаў.

Пробашч парафіі кс. Павел Салабуда адзначыў, што правядзенне падобных мерапрыемстваў неабходна для плённага развіцця супольнасці:

— Для нашай маладой парафіі такія святы вельмі важныя, бо мы знаёмімся, збліжаемся, і сапраўды ў новым спальным раёне нашага горада пачынае бурліць духоўнае жыццё парафіі. На свята прыбыло некалькі сотняў дзяцей, некаторыя з іх прыйшлі ўпершыню, некаторыя праваслаўныя, і вось усе разам мы маліліся, танцавалі і адчувалі сябе як дома.

Свята пад дэвізам «І да танца, і да ружанца» прайшло на «ура». Я думаю, кожны чалавек, які прыйшоў на нашае свята, адчуў сябе шчаслівым, дзякуючы прысутнасці Маці Божай і блізкага чалавека.

alszanka_swata
На заканчэнне ўрачыстасцей сабраныя вернікі запусцілі ў неба балонікавы ружанец.

А. Марцішэўская, тэкст;
Д. Казановіч, фота

grodnensis.by

для друку для друку