Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян: Нешпары з удзелам Папы

Распачынаецца Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян. З гэтай нагоды папа Францішак узначаліць урачыстую вячэрнюю цэлебрацыю Нешпараў у рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі.

Сёлетняя міжканфесійная малітва падрыхтавана хрысціянскай супольнасцю Інданэзіі і будзе натхнёная тэмай “Імкніцеся да справядлівасці”.

У падрыхтоўчым дакуменце Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству падкрэсліваецца, што вялікай пагрозай справядлівасці і вяршынству закона ў гэтай краіне з’яўляецца карупцыя. Яна “выяўляецца ў самых розных формах і закранае палітыку і дзелавую сферу, часта несучы разбуральныя наступствы для навакольнага асяроддзя”.

Аўтары заўважаюць, што словы Другазаконня “Імкніцеся да справядлівасці” (Дрг 16, 18-20) з’яўляюцца адбіткам той сітуацыі, у якой знаходзяцца хрысціяне Інданэзіі, якія складаюць усяго 10% больш за 265-мільённага насельніцтва пераважна мусульманскай краіны.

“Хрысціянскія супольнасці пачынаюць усведамляць сваю еднасць, калі засяроджваюцца на ўзаемным клопаце і на сумесным адказе на праявы несправядлівасці. (…) Толькі слухаючы малітву Езуса, “каб усе былі адно” (Ян 17, 21), мы можам сведчыць аб жыцці ў еднасці разнастайнасцей. Менавіта праз нашую еднасць у Хрысце мы будзем здольныя змагацца з несправядлівасцю і забяспечваць яе ахвяр усім неабходным”, – гаворыцца ў дакуменце.

Напярэдадні распачацця Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, падчас агульнай аўдыенцыі 16 студзеня 2019 г. у Ватыкане, папа Францішак нагадаў пра важнасць гэтай ініцыятывы. Ён падкрэсліў, што экуменізм – гэта не факультатыўная з’ява, і заклікаў маліцца аб тым, каб хрысціяне сталі адзінай сям’ёй і сведчылі аб сваёй еднасці супольнымі намаганнямі на карысць справядлівасці і абароны бедных.

Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян праводзіцца ва ўсім свеце штогод з 18 па 25 студзеня.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку