Тыдзень міласэрнасці прайшоў у Далёкіх

dalekija5Пад такім заклікам у парафіі св. Станіслава ў Далёкіх з 4 па 11 кастрычніка прайшоў Тыдзень міласэрнасці. Нехта некалі сказаў: “Любы міласэрны ўчынак – гэта такі вірус, які нясе з сабой Божую ласку. Чалавек, які бачыць тваё дабро, заўтра ці паслязаўтра адважыцца на высакародны ўчынак!”. І сапраўды гэта так.

Ад адных усё часцей чуеш, што людзі вельмі занятыя, што ў іх многа праблем або штодзённых спраў, што мала грошы, што няма здароўя, што ў іншых усё лепш – і дом, і дзеці, і праца, і заробак. А другія толькі сябе і сваіх блізкіх лічуць самымі разумнымі, самымі правільнымі.

А можа справа ў тым, што людзі развучыліся рабіць бескарыслівыя жэсты і праяўляць міласэрнасць? Развучыліся слухаць і маўчаць? Не хочуць пачуць, што ім кажа Бог?

У кожны дом былі разнесены Лісты з прапановай на працягу тыдня зрабіць міласэрны ўчынак (наведаць хворага, падзяліцца чым-небудзь з патрабуючымі, дапамагчы ва ўборцы ўраджаю, папрацаваць каля касцёла) і інфармацыяй аб адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту на працягу трох гадзін кожны дзень. Ініцыятыву падтрымалі вернікі з усіх вуліц і маленькіх вёсачак. Многія знайшлі час для таго, каб прыйсці ў касцёл на адарацыю і святую Імшу. У час адарацыі прамаўлялі Вяночак да Божай Міласэрнасці, Літанію да Найсвяцейшага Імені Езуса і Святы Ружанец, чыталі з 5 па 7 раздзелы Евангелля паводле Мацвея, спявалі песні і проста маўчалі. Да пачатку адарацыі пробашч парафіі кс. Анджэй Бочар адведваў хворых і тых, хто па розных прычынах не можа прыйсці ў касцёл, каб і яны змаглі далучыцца да тыдня міласэрнасці. У парафіі ўвесь тыдзень адчуваўся святочны настрой.

Прыйсці на адарацыю ці не – кожны сам выбіраў. Бог заўсёды дае нам магчымасць выбару, Ён не абмяжоўвае нашу свабоду, не маніпуліруе намі. А нашым жыццём кіруе толькі тады, калі мы давяраем Яму.

dalekija1 dalekija2 dalekija3 dalekija4

Ірына Высоцкая, тэкст
Эмма Станкевіч, фота

для друку для друку