Ці здараліся цуды ў Вашым жыцці?

Неверагодныя цуды чытачоў “Каталіцкага Весніка”, якія з імі адбываліся.

Kacjaryna DzerwanouskajaКацярына Дзерваноўская:

 – Калі расплюшчваю вочы, кожны дзень бачу цуд. Справа ў тым, што, калі я зацяжарыла старэйшым сынам Янам, выпадкова знайшла ў грудзях невялікі камочак. Мой урач супакойваў, кажучы, што гэта не страшна. Я ўсё ж дамаглася абследавання. Знайшлі пухліну. Пачаліся бясконцыя паходы да ўрачоў. Праз цяжарнасць камочак рос. Было вельмі страшна. Але Госпад мяне не пакінуў. Ён зрабіў цуд, забраўшы мой страх і даўшы сілы. Біяпсія паказала, што пухліна дабраякасная. Аднак мяне папярэджвалі, што калі яна будзе расці, то можа перарадзіцца і патрэбна будзе выдаляць.

Я нарадзіла сына і не думала ні пра што, бо пухліна не расла. Калі Яну было 9 месяцаў, я зноў зацяжарыла. Зноў бясконцыя паходы да ўрачоў. Пухліна расла. На 26-ым тыдні цяжарнасці мне тэрмінова зрабілі аперацыю, выдаліўшы пухліну памерам з кулак. Бог быў са мною і даў мне шанец на жыццё! Гэта цуд, што пухліна не перарадзілася, нягледзячы на такія вялікія памеры. Кожны дзень я расплюшчваю вочы і разумею, што бачу сваіх дзяцей, мужа, родных, блізкіх і знаёмых, таму вельмі радуюся.

Яшчэ адзін цуд – мой муж. Я вельмі марыла выйсці замуж, нарадзіць дзяцей і жыць шчасліва. Аднойчы на малітве, падчас “Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі” я даверыла Богу сваё жыццё і аддала Яму сваю мару. Доўга чакаць не давялося: праз тры тыдні ўсё змянілася. Праз дзевяць месяцаў мы пабраліся шлюбам. І гэта мой цуд, мой муж!

Pawel GerasimowiczПавел Герасімовіч:

– Я лічу, што цуды усё ж такі здараліся ў маім жыцці. Здараліся яны не раптам, так, як са святым Паўлам, яны былі не такія, якія рабіў Езус. Але адбываліся паступова, на працягу нейкага часу. Справа ў тым, што ў мяне ад нараджэння ёсць пэўная праблема са слыхам. Як і многім у такім выпадку мне было больш складана мець зносіны з людзьмі. У вучобе патрэбна была большая ўвага. Дзякуй Богу, скончыў 11 гадоў агульнаадукацыйнай школы на “добра” і “выдатна”, але наперадзе чакала дарога ў свет. Памятаю, калі паступіў у Маладзечненскі гандлёва-эканамічны каледж, думаў, што буду апошнім у сваёй групе. Тут веды даваліся ў асноўным праз лекцыі, якія выкладчыкі праводзілі ў вуснай форме. Усё патрэбна было занатоўваць. Спачатку я не паспяваў за выкладчыкамі, таму часта пасля заняткаў прасіў аднагрупніц даць спісаць, а затым была падрыхтоўка да наступнага дня.

Першыя два тыдні я лічыў, што ў мяне не хапае часу на доўгую малітву, але, калі прыціснула, пачаў маліцца (Ружанец). Маліўся ў інтэрнаце, нягледзячы на тое, што маіх суседзяў часта наведвалі шматлікія госці. І вось заканчэнне семестра: маё прозвішча аказваецца на першым месцы ў групе па паспяховасці. Другі семестр адзначыўся правядзеннем алімпіяд у каледжы па трох прадметах, дзе я займаю прызавое месца па кожным. Далей мяне чакала дарога ў інстытут, пра які я ніколі не марыў. У выпадку, калі здавалася, што прадмет не разумею і рызыкую атрымаць нізкую адзнаку, цэлы вечар аддаваў малітве: да святых, да Маці Божай. Ідучы на вучобу, таксама маліўся. І цуд здараўся!

Angelina PatrowiczАнгеліна Пятровіч:

– Для мяне цуд – ясны дзень пасля тыдня дажджу, нечаканы прыезд добрага сябра ці выцягнуты на экзамене менавіта “твой” білет. Сапраўднае шчасце знаходзіць у кожным дні нейкі цуд. Яму я радуюся як дзіця і шчыра дзякую Богу за гэты дар. Але, канешне ж, акрамя такіх маленечкіх цудаў, у маім жыцці часам адбываюцца сапраўды дзіўныя рэчы. Вось, напрыклад, год назад я ўсю пілігрымку малілася ў адной інтэнцыі і хутка ўсё атрымалася, хаця дагэтуль тры гады я сваімі сіламі спрабавала ажыцявіць гэтую мару, але нічога не выходзіла. Кожную рэч трэба рабіць у тандэме з Богам. Толькі тады ўсё атрымаецца!

Arcem CidarowiczАрцём Сідаровіч:

– Распавяду дзве маленькія гісторыі, вынікі якіх з’яўляюцца для мяне цудамі. Раней я і не думаў, што стану каталіком, буду хадзіць у касцёл, а тым больш несці сваё служэнне ў якасці арганіста. Здарылася гэта ў адну нядзелю, калі я праз сон пачуў прыгожы спеў незнаёмага голасу пад гучанне невядомага мне інструмента, што даносілася з радыё. Мне стала так цікава, што гэта такое? Я даслухаў ўсё да канца і даведаўся, што гэта была трансляцыя Святой Імшы з мінскага кафедральнага касцёла. Паслухаўшы гэтыя трансляцыі каля трох-чатырох нядзель запар, я вырашыў адправіцца ў касцёл, каб ужывую ўсё ўбачыць і пачуць. Пабыўшы на Імшы, я адчуў лёгкасць на сэрцы і зразумеў, што гэта менавіта тое месца, якое я шукаў. А далей было наступнае …

Я нават не ведаў пра тое, што ўмею спяваць, а тым больш іграць на музычных інструментах. З прыходам у касцёл я адкрыў у сабе здольнасць спяваць, стаў наведваць парафіяльны хор, а з цягам часу да мяне прыйшло жаданне навучыцца граць на аргане. На гэтае рашэнне мяне натхніла арганістка і кіраўніца хору Зося. Безумоўна, усё гэта адбылося пры дапамозе Божай. Інакш бы нічога не атрымалася. І так праз вельмі кароткі тэрмін (каля трох гадоў прайшло) я навучыўся граць на аргане. Па сённяшні дзень я вучуся і ўдасканальваюся ў гэтым кірунку.

Andrej ZamecАндрэй Зямец:

– Па спецыяльнасці я ляснік. Гэта гісторыя здарылася са мною, калі я яшчэ вучыўся ў каледжы. Нас часта адпраўлялі на працу ў лес. І вось аднойчы я заблудзіўся і блукаў амаль да вечара. Пачынала цямнець. Я сеў каля дрэва і пачаў прасіць заступніцтва святога Антонія. Памаліўся і пайшоў, нібы ведаючы шлях, і ў хуткім часе выйшаў на трасу.

Падрыхтавала Ірына Грэйць

для друку для друку