Ці з’яўляецца ананізм смяротным грахом?

spivaklawfirm.com“Хвала Хрысту! Скажыце, калі ласка, ці з’яўляецца ананізм смяротным грахом? І ці можна прымаць Святую Камунію, зрабіўшы гэты грэх?” Ігнат

На пытанне адказвае кс. Валерый Марціноўскі:

– Найперш паспрабуем з дапамогай ККК (1854-1864) акрэсліць паняцце смяротнага граху і штодзённага. Смяротны грэх разбурае любоў у чалавечым сэрцы цяжкім парушэннем Божага закону, а таксама адварочвае чалавека ад Бога як канчатковай мэты і дабра, ставячы на месца Бога штосьці ніжэйшага ўзроўню.

Грэх лічыцца смяротным, калі выяўляюцца тры ўмовы адначасова:

1. Сур’ёзнасць матэрыі, якая вызначаецца 10 запаведзямі. Грэх можа быць у большай ці меншай ступені цяжкім (забойства цяжэйшае за крадзеж). Пад увагу бярэцца таксама становішча тых, хто пацярпеў ад граху (ад ананізму цярплю я сам, а ад сужэнскай здрады церпяць самі грэшнікі і іх сем’і).

2. Смяротны грэх патрабуе поўнай свядомасці.

3. Смяротны грэх патрабуе поўнай згоды (пачуццёвыя імпульсы, ціск асяроддзя, паталогія ў нейкай ступені абмяжоўваюць волю і свабоду).

Вынікам смяротнага граху з’яўляецца страта любові і асвячальнай ласкі. Калі няма жалю і прабачэння, то гэты грэх становіцца прычынай вечнага асуджэння.

Штодзённы ж грэх захоўвае любоў, але раніць яе, абражае.

Штодзённы грэх ёсць, калі:

1. Мы не захоўваем меры, якія прадпісаны 10 запаведзямі адносна лёгкай матэрыі;

2. Парушаем Божы закон адносна цяжкай матэрыі, але не з поўнай свядомасцю;

3. Калі парушаем Божы закон адносна цяжкай матэрыі, але не з поўнай згодай.

Вынікам штодзённага граху з’яўляецца аслабленне любові, супраціўленне скіраванасці ў бок цнатлівага жыцця і маральнага дабра. Калі штодзённы грэх застаецца без жалю, ён можа давесці чалавека да цяжкага граху. Штодзённы грэх не ставіць чалавека супраць Божай волі і Божага сяброўства, ён не разрывае саюзу з Богам. Яго можна выправіць чалавечымі намаганнямі і з дапамогай Божай ласкі. Ён не пазбаўляе чалавека асвячальнай ласкі, знаходзячыся ў якой ён можа прымаць Камунію.

Калі казаць пра грэх ананізму, то гэта цяжкі грэх. Тлумачачы вельмі коратка, можна вызначыць прычыны цяжкасці гэтага граху:

1. Наша сэксуальнасць як інтэгральная частка чалавека павінна быць накіравана на другую асобу;

2. Ананізм спрычыняецца да сканцэнтраванасці на сабе (эгаізм), у чым няма дару як аднаго з асноўных элементаў любові.

Таму не можна, жывучы ў гэтым граху, прыступаць да Святой Камуніі. Аднак калі грэшнік мае пастаяннага спаведніка, часта спавядаецца, спрабуючы з усіх сіл вызваліцца з гэтай грэшнай залежнасці, то душпастыр можа дазволіць прымаць Цела Хрыста. У дадзеным выпадку ў грэшніку будзе распазнана залежнасць, якая звязвае волю і свабоду дзеяння. А пры гэтым, як вышэй было зазначана, грэх будзе ўжо не смяротным, а штодзённым.

Мы неаднаразова чуем пра алкагалізм, працагалізм, наркатычную залежнасць. Сюды прыпісваюць таксама і сэксагалізм. У такім выпадку чалавек, калі хоча вырвацца з граху, але па прычыне працяглай гісторыі грахоўных практык і ў выніку аслабленай волі і свабоды ў дзеяннях не можа за адзін раз выйсці з такой сітуацыі, можа быць дапушчаны спаведніком да прыняцця Камуніі без папярэдняй споведзі. Падкрэслю яшчэ раз: толькі калі чалавек мае сталага спаведніка і калі гэты спавяднік, распазнаўшы сітуацыю, дасць дазвол, напрыклад, пасля наступнага падзення прыйсці, аднак, да Камуніі, то грэшнік можа з’яднацца з Эўхарыстычным Хрыстом. У кожным іншым выпадку ананізм – смяротны грэх, з якога трэба спавядацца перад прыняццем Камуніі.

для друку для друку