Ці ёсць доказы неўваскрасення Езуса?

REUTERS575166_ArticoloВечарам 30 сакавіка 1980 года ў супрацоўніка іерусалімскага Музея Ракфеллера прафесара Юзафа Гата зазваніў тэлефон. “Прафесар, прыязджайце хутчэй, мы наткнуліся на старажытную магілу!” — паведаміў голас у слухаўцы.

Для навукоўцы гэты выезд быў абавязковым, бо ў Іерусаліме, кожная археалагічная знаходка павінна быць зафіксавана і задакументавана ў прысутнасці адпаведнага спецыяліста. Асабліва гэта тычыцца старажытных магіл – артадаксальныя яўрэі патрабуюць, каб рэшткі памерлых былі перапахаваны, бо іх супакой з’яўляецца сакральным. Прафесар Гат, запісаў адрас дзе была знойдзена магіла і паабяцаў прыехаць праз 15 хвілін. Ён узяў з сабой блакнот, маленькі фанарык і ключы ад машыны. Праз некаторы час ён пад’язджаў да Усходняга Тальпіота – паўднёвага раёна Іерусаліма, дзе яго чакалі некалькі рабочых.

Знойдзеная імі магіла, як і многія іншыя, знаходзілася ў пячоры. Яе разны франтон сведчыў, што яна належала мясцовай заможнай сям’і. Калі Гат увайшоў унутр цёмнага памяшкання, ён не быў асабліва здзіўлены знаходцы. Тут быў пакой квадратнай формы. Уздоўж адной сцяны цягнулася доўгая лава, на якой традыцыйна намашчалі алеем і закручвалі ў тканіны целы памерлых. Па баках знаходзіліся шэсць тунеляў у якіх размяшчаліся дзесяць асарыяў – асаблівых яўрэйскіх пахавальных саркафагаў зробленых з камення. Прафесар Гат так і запісаў “дзесяць асарыяў, ці дакладней дзевяць, бо адзін з іх быў разбіты”.

Праз некалькі дзён калегі-навукоўцы зрабілі фотаздымкі на месцы знаходкі, а парэшткі памерлых былі перапахаваны на могілках. Дзевяць асарыяў былі перавезены ў архіў Музея Ракфеллера. На пяці з іх былі напісаны імёны памерлых: Марыя з Марыямены; Ехуда, сын Ешуа; Маця; Ёсэ. Гэта былі вельмі распаўсюджаныя ў старажытнасці імёны і ў іх не было нічога незвычайнага. Толькі апошні саркафаг выклікаў усмешку археолага. На ім было напісана: “Ешуа, сын Ехасефа” – “Езус, сын Юзафа”. “Калі гэтыя знаходкі патрапяць у рукі журналістаў з жоўтай прэсы, для нас наступіць сапраўднае пекла. Для прэсы мяне на працы няма”, — сказаў прафесар Гат сваёй сакратарцы. Праз некаторы час, аднак, аб знаходцы ўсе забылі. Але праз 14 гадоў узгадалі журналісты і сцэнарысты. На падставе інфармацыі аб саркафагу з іменем “Езус, сын Юзафа”, падцверджанай “спецыялістамі”, каналы “BBC” i “Discovery Chanel” знялі некалькі фільмаў і праграм аб альтэрнатыўнай гісторыі жыцця Хрыста – нібыта Езус быў звычайным чалавекам, які памёр і быў пахаваны. А ніякага ўваскрасення не было, бо археолагі знайшлі яго парэшткі ў саркафагу.

Аб знаходцы стала шырока вядома дзякуючы “Каталогу яўрэйскіх асарыяў”, апублікаваным Музеем Ракфелера ў 1994 г. У ім былі змешчаны фотаздымкі і 895 старажытных саркафагаў, 220 з якіх былі падпісаны. З 160 саркафагаў належалі мужчынам. Сярод іх было 26 з іменем Сымон, 19 — Юзаф, 18 – Іуда, 16 – Лазар, 12 – Ян і 11 – Езус. З 80 жаночых асарыяў 20 належалі жанчынам з іменем Марыя, 11 – Марта і 8 Саломэ.

Паводле прыблізных статыстычных дадзеных адносна 80 тысяч жыхароў Іерусаліма магчымасць знайсці “Езуса, сына Юзафа” была прыкладна адна з 240. Трэба ўлічваць, што гэтыя дадзеныя грунтуюцца толькі на тых магілах, якія падпісаны – яны звычайна належалі багатым сем’ям, якіх у Іерусаліме было толькі каля 50.

Езуса Хрыста на працягу жыцця называлі “Езусам з Назарэта”, для таго, каб адрозніваць ад Яго цёсак. На таблічцы, якую напісаў Пілат, Ён названы “Езусам з Назарэта, каралём юдэяў”. У сваім родным горадзе яго называлі “сын цесляра”. Так было прынята называць людзей у старажытным Ізраэле: на Айчыне – па бацьку, а на чужыне – па месцы паходжання. Іншыя прыклады: “Іўда Іскарыёт”, “Юзаф Арыматэйскі”, “Сымон Кірынеец”, “Марыя Магдалена”. Тое, што на магіле, знойдзенай у раёне Тальпіот усе імёны былі падпісаны імем па бацьку, сведчыць аб адным: пахаваныя былі жыхарамі Іерусаліма.

Канешне, для тых, хто больш-менш ведае Новы Запавет вядома, што Святая Сям’я была беднай: Юзаф быў рамеснікам, ён ахвяроўваў у святыні галубоў, як рабілі бедныя, а не ягнятаў – як заможныя, а сам паходзіў з Назарэта. Як магла бедная назарэтская сям’я быць пахаванай у багатай магіле ў Іерусаліме?

Акрамя таго, немагчымым было б тое, каб вучні Езуса прапаведвалі вечнае жыццё ўслед за Тым, хто быў пахаваны непадалёк у падпісаным саркафагу. Немагчыма, каб сінедрыён, фарысеі і ворагі Хрыста не ведалі дзе яго магіла. Немагчыма, каб дзесяць мужчын былі гатовы аддаць жыццё за гэты падман і казаць, што “быў забіты Творца жыцця, але Бог Яго ўваскрасіў і мы таму сведкі”. Трэба адзначыць, што сведкаў гэтага было нашмат больш.

Аб тым, што Езус не меў сваёй уласнай магілы вядома таксама з тэкстаў Святога Пісання. Менавіта таму, Яго цела было пахавана ў “новай магіле” члена сінедрыёна Юзэфа Арыматэйскага, якая знаходзілася на гары Сіён, недалёка ад Галготы. Гэта месца шанавалася хрысціянамі з самых першых стагоддзяў. У ІІ ст. імператар Адрыян, каб абразіць хрысціян, пабудаваў над ім храм Венеры, а на Галгоце ўстанавіў статую паганскай багіні прыгажосці. Гэтыя пабудовы былі разбураны ў перыяд праўлення імператара Канстанціна. А на іх месцы быў пабудаваны храм Уваскрасення з Гробам Пана, якія штогод наведваюць тысячы пілігрымаў.

Кожны год, звычайна перад Пасхай, пераважна ў англасаксонскіх медыя з’яўляюцца фільмы і перадачы, якія ставяць пад сумнівы боскасць Езуса. Гаворка ідзе пра знойдзеныя магілы Хрыста, сакрэтныя Евангеллі, рэканструкцыі вобразу Пана, на якіх Ён чамусьці нагадвае раннюю стадыю неандэртальца, а не Сына Божага. Існуе цэлая індустрыя, якая стварае альтэрнатыўную гісторыю хрысціянства – праект, які мае мала супольнага з рэчаіснасцю , аднак нягледзячы на гэта развіваецца насустрач сваёй мэты.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка для Ватыканскага радыё

для друку для друку