Ці варта ўжываць у беларускай мове спалучэнне сметанковае масла?

У штодзённай моўнай практыцы мы нярэдка сутыкаемся са спалучэннем сметанковае масла. Найчасцей гэта бывае, напэўна, у краме, калі хтосьці, хто карыстаецца беларускай мовай у побыце, купляе адпаведны прадукт. Такая канструкцыя нібыта служыць для размежавання сэнсу розных паняццяў: масла як “харчовага тлушчу, што атрымліваюць збіваннем смятанкі або смятаны”, і масла як “тлустага рэчыва, якое здабываюць з мінеральных рэчываў” (“Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” – Т. 3. – Мінск, 1979, с. 117). Але калі больш-менш уважліва прааналізаваць асаблівасці слоўнікавага складу нашай мовы, улічыць традыцыю выкарыстання адпаведных лексем і канструкцый, то адназначна можна сцвярджаць, што спалучэнне сметанковае масла – гэта проста калька з рускага сливочное масло, значыць, нехарактэрнае для нашай мовы з пункту гледжання яе культуры. І ў вуснай штодзённай практыцы, і ў фальклорных тэкстах, у мясцовых гаворках беларусы заўсёды карысталіся назоўнікам масла, які не патрабуе пры сабе ніякага азначэння ў выглядзе прыметніка. Гэта і ёсць нарматыўная назва папулярнага і важнага прадукту. Прыгадаем тут меркаванне выдатнага знаўцы роднага слова прафесара П. Сцяцко, які слушна заўважае, што “штучнымі ёсць і двухслоўныя найменні кароўе масла, жывёльнае масла. Яны з’явіліся ў выніку калькавання адпаведных расійскіх назоваў – коровье масло, растительное масло. Аднак беларуская мова мае тут аднаслоўныя найменні” (Сцяцко П. Культура мовы. – Мінск, 2002, с. 180). Таму для абазначэння тлушчавага рэчыва, атрыманага з расліннай сыравіны, у нашай мове заўсёды ўжывалася слова алей. Рэчыва ж, якое мае тэхнічнае прызначэнне, заліваецца, напрыклад, у рухавік аўтамабіля, называецца аліва. Гэта, дарэчы, засведчыў і выдадзены ў 1997 годзе “Расейска-беларускі вайсковы слоўнік” С. Судніка і С. Чыслава: “машинное масло – аліва, машынная аліва” (с.94), і зафіксаваў акадэмічны “Слоўнік беларускай мовы” (Мінск, 2012, с. 73).

Таму па-беларуску правільна было б сказаць, напрыклад, “Купі пачак масла і бутэльку алею, а я паеду на рынак і набуду алівы для аўтамабіля”. І зусім не варта карыстацца паняццямі сметанковае і расліннае масла, паколькі гэта штучныя элементы ў нашай лексіцы. Бо ў свядомасці носьбітаў беларускай мовы па-свойму структуруюцца веды пра свет, пра навакольнае асяроддзе, інакш, чым у тых, для каго роднай з’яўляецца руская мова. І гэтую адметнасць ніяк нельга страціць.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку