Ці ўплывае на плённасць Святой Імшы пабожнасць святара?

 liturgija“Ці ўплывае на плённасць Святой Імшы пабожнасць святара?” Марта

На пытанне адказвае кс. Андрэй Сідаровіч MIC:

– Адказваючы на гэтае пытанне, хочацца прывесці такое параўнанне. Калі нам баляць зубы, то мы ідзём “у госці” да стаматолага. Вельмі часта пытаемся ў знаёмых, ці ведаюць яны добрага спецыяліста. Для нас найважнейшая прафесійная падрыхтаванасць урача, каб даверыць яму наш зубны боль. Канешне, гэта будзе дадатковы, прыемны бонус, калі лекар акажацца чалавекам ветлівым, культурным і з уменнем суперажываць. Але калі нават ён будзе хамам, то гэта не значыць, што нашы зубы ён не вылечыць.

Падобна (хоць і не дакладна) і са святарскім служэннем. Прафесійныя якасці – гэта атрыманае святарскае пасвячэнне. І не залежна ад таго, што святар перажывае, у якім знаходзіцца настроі, яго служэнне прыносіць карысць верніку на моцы пасвячэння. Касцёл называе гэта дзеяннем ex opere operato (сакрамант, дзейсны на падставе яго ўдзялення). Нават асабісты грэх святара не з’яўляецца перашкодай для Пана Бога. У нейкім сэнсе Бог нас перастрахаваў перад святаром-грэшнікам. 🙂 

Але вядома, што мы інтуіцыйна імкнёмся да святара, які, апрача “прафпрыгоднасці” (пасвячэння), таксама вызначаецца асабістымі якасцямі: культурай зносінаў, уменнем слухаць, суперажываць і інш. І, канешне, нас прывабліваюць якасці духоўныя: асабістая пабожнасць, малітва, жыццё са словам Божым, імкненне да святасці, анёльская цярплівасць, сэрца пастыра, які дбае пра сваіх авечак.

Гэтае пытанне заахвочвае да двух пастаноў: да малітвы за святароў пра ласку святасці для іх, а таксама да асцярожнасці ў суджэнні пра іншага чалавека, пабожны ён ці не.

для друку для друку