Ці трэба цалаваць стулу пасля споведзі?

“Хвала Хрысту! Ці абавязкова пасля сакраманту Споведзі цалаваць стулу?” Павел

На пытанне адказвае айцец Андрэй Сідаровіч MIC з Росіцы:

– Хвала на векі! Цалаваць стулу пасля споведзі неабавязкова. Традыцыя цалавання стулы існуе не ва ўсіх каталіцкіх краінах. Нават у межах адной дзяржавы такія звычаі могуць адрознівацца. Напрыклад, у нашых суседзяў палякаў звычаю цалавання стулы пасля споведзі няма ў Сілезіі.

Што гэты звычай азначае? Стула – знак святарскай улады, атрыманай ад Хрыста. Цалуючы стулу, мы выказваем падзяку святару за яго служэнне і Хрысту за Яго ласку прабачэння грахоў. У старэйшага пакалення вернікаў захавалася таксама традыцыя цалавання рукі святара пасля споведзі. Раней мне падавалася, што гэта лішняе, не евангельскае.

Толькі з досведам прыйшло разуменне, што гэта выраз вялікай пашаны да святара як да служыцеля Божага. Мне падаецца, што старэйшае пакаленне больш выразна ўяўляе сабе цяжар святарскага служэння, яго складанасць і неадназначнасць жыццёвага выбару.

*Стула – доўгая вузкая стужка, элемент літургічнага адзення святара.

для друку для друку