Ці шмат Пантыфікаў адмаўлялася ад Пасады св. Пятра?

436767_gd11 лютага 2013 года Бэнэдыкт XVI абвясціў нечаканае рашэнне – ён вырашыў пакінуць пасад св. Пятра. Пантыфік паведаміў аб гэтым падчас звычайнай кансісторыі – сустрэчы з кардыналамі, прысвечанай разгляду некаторых кананізацыйных спраў. Як вядома, на працягу 600 гадоў нічога падобнага ў гісторыі Касцёла не здаралася. У свядомасці вернікаў даўно ўсталявалася меркаванне, што Папы выбіраюцца пажыццёва, таму навіна з Ватыкана, паводле слоў кардынала Садана, прагучала “як гром сярод яснага неба”. У сувязі з такой незвычайнай падзеяй у гісторыі Касцёла варта прыгадаць аб іншых падобных выпадках. 

На пачатку трэба адзначыць, што адмаўленне Пантыфіка ад пасады св. Пятра прадугледжана Кодэксам кананічнага права. Параграф 302 кажа: “Калі здарыцца так, што Рымскі Пантыфік адмовіцца ад сваёй пасады, то для сапраўднасці адмаўлення патрабуецца толькі адно: каб яно было здзейснена цалкам дабраахвотна і абвешчана адпаведным чынам”.

Заглянуўшы ў гісторыю можна ўбачыць, што апошнім Папам, які адмаўляўся ад пасаду быў Грыгорый ХІІ. Гэты Пантыфік быў абраны на пасад св. Пятра ў 1406 г. у перыяд вялікага падзелу Касцёла. Папа тады знаходзіўся ў Рыме, але існаваў таксама і антыпапа, які меў сваю рэзідэнцыю ў французскім Авіньёне. На працягу доўгіх дзесяцігоддзяў падзел вельмі перашкаджаў жыццю Касцёла і выклікаў рознага роду маніпуляцыі і злоўжыванні. Абраны ў Рыме венецыянскі кардынал Анджэла Корэр вырашыў пакласці канец гэтаму цёмнаму перыяду. Ён абвясціў, што адмовіцца ад папскай улады, калі гэта зробіць таксама і той папа, што знаходзіцца ў Авіньёне. Пасля таго, як пасад св. Пятра вызваліўся, Грыгорый ХІІ стаў звычайным кардыналам і пераехаў у Анкону, дзе і памёр праз 2 гады.

Самы першы ў гісторыі выпадак, калі Папа адмаўляўся ад сваёй пасады, здарыўся яшчэ ў І ст. хрысціянства. Яго здзейсніў пяты Наступнік св. Пятра Клемент І (88-97 гг.). Ён адмовіўся ад пасады па прычыне свайго арышту і выгнання. Пантыфік не жадаў, каб вернікі засталіся без пастрыскай апекі і таму палічыў лепшым, каб Касцёл узначаліў іншы чалавек. У першай палове ІІІ ст., падобны ўчынак зрабіў Папа Панцыан.

Шмат разоў у гісторыі здараліся выпадкі, калі Папа пад ціскам быў вымушаны адмовіцца ад пасады св. Пятра: напрыклад Белізарый І. Аднак, чалавек які заняў папскі пасад пасля яго, лічыўся ўзурпатарам.

Самым падобным на рашэнне Бэнэдыкта XVI, быў учынак Папы Цэлестына V – сціплага і пакорнага святара, вядомага моцнай верай і любоўю да беднасці і прастаты. Ён жыў у XIII ст. у італьянскай Аквіле, а яго сапраўднае імя было Пьетра да Маронэ. Святар вельмі любіў адзіноту і шмат часу праводзіў на малітве ў горных пячорах. Яго прыклад быў вельмі прывабным для маладых людзей. Многія імкнуліся наследаваць гэтага святога чалавека і збіраліся каля яго. З іх Пьетра да Маронэ заснаваў ордэн Братоў Святога Духа, якія затым атрымалі назву “цэлестынцы”.

Аб сваім абранні на Пасад св. Пятра гэты святар даведаўся ў адным з любімых горных месцаў, дзе жыў як пустыннік. Неспадзяваную навіну з Рыма яму прынеслі тры біскупы. Справа ў тым, што падчас канклава кардыналы доўга не маглі пагадзіцца адносна кандыдатуры Папы. Каб знайсці кампраміс, яны вырашылі перадаць кіраванне Касцёлам простаму і святому чалавеку, якім і быў Пьетра да Маронэ. Канешне, апошні спрабаваў адмовіцца і пераканаць іерархаў у сваёй негатоўнасці да выканання такой адказнай місіі. Аднак, пасля кароткага перыяду разважанняў і малітвы, пагадзіўся.

Пантыфікат новага Папы, які абраў імя Цэлестын V праходзіў у вельмі складаных умовах. Многія ўплывовыя людзі таго часу спрабавалі выкарыстаць Папу ў сваіх інтарэсах і маніпуляваць ім. З-за гэтага Пантыфік вельмі перажываў. Ён не бачыў сябе здольным несці цяжар папскай улады і супрацьстаяць хітрым палітыкам, якія яго атачалі. Таму, ён вырашыў, што пасад св. Пятра павінен заняць больш моцны і малады кандыдат. Папа пачаў шукаць магчымасці пакінуць нежаданую пасаду. Ён пацікавіўся ў спецыялістаў па Кананічным праве і да сваёй радасці даведаўся, што Пантыфік мае магчымасць па ўласным жаданні пакінуць свае абавязкі.

Скарыстаўшыся гэтай магчымасцю, праз пяць месяцаў пасля свайго абрання на пасад св. Пятра, Цэлестын V адмовіўся ад кіравання Касцёлам. Быў скліканы новы канклаў і абраны новы Пантыфік. Сам Цэлестын V памёр у хуткім часе зняволены сваім наступнікам. Дантэ ў сваёй “Боскай камедыі” вельмі моцна асудзіў учынак Пантыфіка, назваўшы яго “баязліўцам”. Аднак, на самой справе, гэтага Папу шануюць як чалавека незвычайнай веры і сілы духа, прыклад пакоры і здаровага розуму. Ён быў абвешчаны святым, а яго магілу ў італьянскай Аквіле двойчы наведваў Бэнэдыкт XVI – у 2009 і 2010 г. Падчас апошняга візіту Святы Айцец памаліўся каля магілы святога і паклаў на яе свой палій – сімвал пастырскай улады.

Ужо ў перыяд новай гісторыі Папы разглядалі магчымасць адмаўлення ад пасады св. Пятра. Напрыклад, сакрэтныя дакументы, знойдзеныя ў Ватыканскіх архівах, адкрываюць цікавую інфармацыю пра Пія ХІІ. У адным з іх Пантыфік заклікаў лічыць, што ён адмовіўся ад служэння Біскупа Рыма ў выпадку, калі нацысты выкрадуць яго па загадзе Гітлера. Пій ХІІ быў паінфармаваны аб планах нямецкага дыктатара, арыштаваць яго і вывезці ў Германію.

Такім чынам, рашэнне Бэнэдыкта XVI хоць і з’яўляецца новым і нечаканым, мае прэцэдэнты ў гісторыі. Яно было прынята ў зусім новых умовах і пры асаблівых абставінах, звязаных з узростам Папы. Яго ўчынак таксама сведчыць аб вялікай любові да Касцёла, якая з’яўляецца нават большай за любоў да старажытнай традыцыі.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка для Ватыканскага радыё

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі