Ці расказваеце Вы пра Хрыста?

Папа Францішак часта заклікае хрысціян сведчыць пра Бога. А ці расказваеце Вы людзям пра Хрыста?

zurkoГанна Журко:

– Ці расказваю я людзям пра Хрыста? Напэўна, так. Бог падарыў мне цудоўную нагоду – каталіцкі скаўтынг. Калі апранаеш форму і ідзеш у ёй у касцёл па горадзе, сустракаеш шмат зацікаўленых позіркаў. Часта мінакі пытаюцца, да якой арганізацыі я належу. І менавіта тут пачынаецца сведчанне, менавіта са словаў “я каталічка, скаўтка”. Сведчыць пра прысутнасць Бога і Ягоную Любоў вельмі проста. Часам дастаткова проста пакінуць навушнікі і цёмныя акуляры дома і выйсці з адкрытымі на патрэбы іншага вушамі і расплюшчанымі вачыма. Адказаць чалавеку на вуліцы, паказаць правільны кірунак, проста саступіць месца. Маё сведчанне – гэта жыццё “скаўцкім правам” штодня, якое вучыць, што скаўт служыць свайму бліжняму і дапамагае яму ў дарозе да Бога.

Уладзіслаў Зарэцкі: (на фота – з вядучай sdb.by/news Кацярынай Мальцавай)zarecki

– З’яўляючыся хрысціянінам і знаходзячыся з дзяцінства ў касцельнай супольнасці, я вельмі часта чуў, што трэба распавядаць людзям пра Бога, несці праўду пра ўваскрослага Езуса ў свет. Але як гэта рабіць? Можна хадзіць па кватэрах і прапаноўваць паразмаўляць пра рэлігію, можна крычаць пра Бога на вуліцах, прыпыняць мінакоў і заклікаць іх да навяртання. Усе гэтыя ўчынкі патрабуюць вялікай адвагі і маюць вялікі рэзананс. Але да такіх рэчаў людзі ставяцца з бояззю і толькі круцяць пальцам ля скроні. Для мяне ж першым і дастаткова складаным крокам было не саромецца сваёй каталіцкасці ў сваім асяроддзі. Калі людзі ведаюць, што ты хрысціянін, то на табе ўжо вялікая адказнасць: трэба пацвярджаць веру сваімі ўчынкамі, гэта і будзе сапраўдным сведчаннем. На дадзены момант я з’яўляюся салезіянскім супраўнікам (свецкая галіна салезіянскай сям’і), дапамагаю салезіянам у выхаванні дзяцей і моладзі, бяру на сябе арганізацыю футбольных турніраў і некаторыя іншыя акцыі. Таксама рэалізую праект sdb.by/news, у якім праз відэаролікі мы распавядаем пра жыццё салезіянскай сям’і, праводзім відэакатэхезы.

szlegВіталь Шлег:

 – Напэўна, кожны чалавек разважаў наконт таго, як ён можа расказаць пра Бога. Я ніколі іншаму чалавеку не навязваў размову пра Хрыста, але проста гаварыў, што я католік-практык, які верыць і вызнае Хрыста. З псіхалагічнага боку трэба адчуваць зацікаўленасць твайго бліжняга ў размове, асабліва, калі ён цікавіцца Богам і ўсім, што звязана з верай. Але калі няма зацікаўленасці, а можа нават з’яўляецца агрэсія, то я лічу, што няма сэнсу сведчыць. Спадзяюся, што гэта не мае думкі і ўчынкі, але Бог так патрабуе ад мяне.

Павел Слізевіч:slizewicz

– Я спрабую гаварыць сябрам пра Бога. Дакладней, не тое, што гаварыць, а проста я не хаваю гэтага ад іх. Але прапаведаваць камусьці – такім не займаюся. Не ведаю, як гэта правільна рабіць. Бо тая ж евангелізацыя на вуліцы, як мне падаецца, звычайна выклікае толькі адмоўныя пачуцці да хрысціянства. У незнаёмай кампаніі, на будучай працы, я, безумоўна, буду казаць, што з’яўляюся вернікам. Але, магчыма, давядзецца неяк выказацца, што на мяне могуць глянуць коса… Тады не змагу, хіба…

PackewiczАліна Пацкевіч:

 – Пытанне гэтае падаецца мне даволі складаным. На першы погляд здаецца, што маецца на ўвазе менавіта наўпростым чынам расказваць людзям пра Хрыста, пра Евангелле, пра Божае слова. Такая пэўная евангелізацыя для малазнаёмых ці наўпрост для тым, хто далёка ад веры, ад хрысціянства. І задумалася: ці раблю я штосьці падобнае? Не… Але сведчанне можа быць у звычайных простых размовах і ўчынках, у штодзённых стасунках паміж тымі, хто з намі побач, на асабістым прыкладзе жыцця паводле хрысціянскіх каштоўнасцяў. Вельмі важна заўсёды разумець, наколькі чалавек гатовы і здольны ўспрымаць тое, што ты яму кажаш. Калі Бог пэўным чынам уплывае на нашае жыццё, варта пра гэта расказаць. Можна запрашаць знаёмых на хрысціянскія музычныя фэсты, на сустрэчы моладзі Тэзэ, у пілігрымкі. Я выбіраю гэты шлях – сведчыць пра Бога і ісці за Ім штодзённа.

Юлія Фралова:fralowa

– Калісьці Бог знайшоў мяне на вуліцы праз маладую дзяўчыну Наталлю, якая падзялілася са мной Добрай Навіной. Мне было тады 19 гадоў, а Наталлі толькі 15, але Бог праз яе адвагу евангелізацыі моцна крануў маё сэрца. Тады распачалося маё навяртанне. Потым я трапіла ў супольнасць “Каштоўная Пярліна” руху “Святло – Жыццё” пры Чырвоным касцёле і ў хуткім часе разам з суполкай паехала на першы “Аазіс Новага Жыцця”. У супольнасці, на Аазісе, мы вучыліся, як казаць людзям пра Хрыста і заўсёды евангелізавалі, калі вярталіся з рэкалекцыяў, у аўтобусах, ля касцёла, у шпіталях, школах, куды нас запрашалі. А таксама і ў штодзённым жыцці. Я ведала, што кожны дзень павінна хоць аднаму чалавеку сказаць, што Бог яго любіць. Так маё жыццё выглядае ўжо больш чым 20 гадоў. 14 гадоў я служу ў “Дыяконіі евангелізацыі”. Мы падарожнічаем таксама на Захад і на Усход, каб падзяліцца Добрай Навіной з іншымі.

Вынікі апытання на сайце Сatholicnews.by і ў Facebook, Укантакце, Аднакласніках

Ці расказваеце Вы людзям пра Хрыста?

Сведчу пра Бога сваімі ўчынкамі ў сям’і, на працы, сярод знаёмых – 94 адказы;

Заўсёды расказваю пра Бога тым, хто не ведае пра Яго – 41 адказ;

Не гавару пра Хрыста. Вера – асабістая справа кожнага – 22 адказы;

Не ведаю, як казаць пра сваю веру – 15 адказаў;

Іншы варыянт у каментарах у сацыяльных сетках – 3 адказы;

Адчуваю страх і сорам, таму не сведчу пра Бога іншым – 2 адказы.

Усяго: 177 адказаў

Фэйсбук:

Ала Грыгель:

“Створана 50 груп суседскіх па 5-16 чалавек, дзе чытаем Евангелле і разважаем, супольна молімся. Прыходзяць усе ахвотныя”.

Ірына Грэйць

для друку для друку