Ці прыме Сінод біскупаў новаўвядзенні ў пытаннях сям’і?

synodГод назад у Ватыкане прайшла ІІІ Надзвычайная сесія Сінода біскупаў, прысвечаная пытанням сям’і і сужэнства. Многія колы ў той час чакалі ад яе сенсацыі, пэўных зменаў у стаўленні Каталіцкага Касцёла да інстытуту сям’і, як, напрыклад, дазволу на развод ці згоды на аднаполыя шлюбы. Аднак сенсацыі не адбылося. У выніковым пасланні Сінода біскупаў была звернутая ўвага на складаную рэчаіснасць, у якой жывуць сем’і, на выклікі і выпрабаванні, але падкрэсленая важнасць і неабходнасць захавання сям’і такой, якой яна ёсць у Божай задуме.

На самай справе мэта падобных сустрэчаў не прыняць сенсацыйныя новаўвядзенні, не абвясціць чорнае белым ва ўгоду свецкай кан’юнктуры, а знайсці спосаб, як выправіць сітуацыю і дапамагчы чалавеку вярнуцца да праўды.

Пасля завяршэння надзвычайнай сесіі год назад праца над дадзенай тэмай працягнулася, і 4 кастрычніка 2015 г. у Ватыкане адкрылася XIV Генеральная асамблея Сінода біскупаў на тэму “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце”. Папа Францішак з гэтай нагоды адзначыў, што сучасны чалавек перажывае драму глыбокай адзіноты, аднак Бог не стварыў чалавека для жыцця ў смутку і адзіноце. Мы створаныя для шчасця ў сужэнстве паміж мужчынам і жанчынай, каб любіць і быць любімым, і каб бачыць сваю плённую любоў у дзецях.

Як паведамляе Беларуская служба Ватыканскага радыё, адкрываючы першую кангрэгацыю Сінода, Святы Айцец нагадаў, што Сінод не з’яўляецца кангрэсам, парламентам ці сенатам, праца Сінода – гэта сведчанне калегіяльнасці ў Касцёле. Сінод Біскупаў – гэта абароненая прастора, у якой праяўляецца дзейнасць Святога Духа.

Перад удзельнікамі Сінода стаіць задача больш адказная, чым год назад. Праца павінна завяршыцца больш канкрэтнымі адказамі і рэакцыямі на выклікі сучаснасці. Перспектыва сінадальнай асамблеі заключаецца ў тым, каб, адштурхоўваючыся ад каталіцкай дактрыны, знайсці магчымасці для клопату і падтрымкі сям’і.

Што знішчае сем’і?

Удзельнікі Сінода на працягу двух тыдняў працы звярнулі сваю ўвагу на шырокі спектр праблемаў і выклікаў, што паўсталі перад хрысціянскай сям’ёй у сучасным свеце. У ходзе абмеркаванняў было адзначана паслабленне ўнутраных сямейных адносін, што адлюстроўваецца ў фізічнай або духоўнай адсутнасці мужоў і бацькоў у сямейным асяроддзі, якія не выконваюць сваіх бацькоўскіх функцый у адносінах да дзяцей.

Гаворка ішла пра неабходнасць абароны годнасці дзіцяці і правоў яго біялагічных бацькоў, а таксама пра прысвячэнне большай увагі душпастырскаму клопату пра “дзяцей вуліцы”, дапамагаючы бедным сем’ям у адукацыі апошніх.

У межах тэмы пракрэацыі ўвага была звернута на небяспеку абартыўных сродкаў і метадаў штучнага апладнення. У гэтай галіне пануе шмат дэзынфармацыі, і важна, каб Касцёл стаў тым, хто дасць кваліфікаваную ацэнку гэтым з’явам – этычную і маральную.

На Сінодзе ішла гаворка таксама пра драму прымусовых шлюбаў, дзе часта розніца паміж узростам жаніха і нявесты складае пакаленне і больш, і дзе адзін з сужэнцаў непаўнагадовы. Айцы Сінода згадалі таксама пажылых асобаў і іх фундаментальны ўклад у сямейнае і грамадскае жыццё. Грамадства не можа ігнараваць іх і ўспрымаць як непатрэбны цяжар.

Новай рэаліяй у наш час стала ідэалогія гендэрызму, якая імкнецца знішчыць сужэнства і сям’ю шляхам садзейнічання ліквідацыі гендэрных (палавых) адрозненняў. У прыватнасці, яна накіравана на дзяцей, у большасці выпадкаў без згоды бацькоў, і мае на мэце змяніць канцэпцыю сексуальнасці. Да гэтага варта дадаць сексуалізацыю маладых людзей. Было адзначана, што гендэрная ідэалогія ўсё больш адлюстроўваецца ў навучальных праграмах і заканадаўстве. Усе ўдзельнікі выказалі перакананасць у неабходнасці выразнага сігналу з боку Сінода пра пагрозу гендэрызму для сям’і, гаворыцца ў паведамленні Беларускай службы Ватыканскага радыё.

Калі мы паглядзім на сітуацыю ў нашай краіне ў кантэксце ўзнятых на Сінодзе тэмаў, то з сумам можам канстатаваць, што беларуская сям’я таксама знаходзіцца ў трагічным стане. Разводы, сужэнская нявернасць, аборты, ужыванне кантрацэпцыі, фармальнае выхаванне дзяцей, ранні пачатак палавога жыцця, адсутнасць годнага прыкладу для моладзі караняцца ў няведанні ці неразуменні хрысціянскага вучэння, а ў большасці выпадкаў – у нежаданні ведаць, разумець і прымаць Божую праўду адносна сямейнага жыцця.

Як выправіць сітуацыю?

Разам з вызначэннем праблемаў сінадальныя айцы рабілі таксама спробы акрэсліць шляхі выхаду з цяжкай сітуацыі. Вялікая колькасць выступоўцаў казала пра “сямейную духоўнасць” і веру ў штодзённым сямейным жыцці. Падкрэслівалася важнае значэнне малітвы, Божага слова, Эўхарыстыі і споведзі. Гаворка ішла таксама пра адказнае бацькоўства, закраналіся пытанні плоднасці сужэнства, падкрэслівалася фундаментальная роля бацькі ў сям’і, сведчанне Божай любові ў сямейным асяроддзі, абмяркоўваліся адносіны паміж сужэнцамі і пастырамі, працай і грамадствам.

Падсумаваннем працы Сінода стане выніковы дакумент, які будзе перададзены Пантыфіку. У выніковым дакуменце будуць сфармуляваныя канкрэтныя рашэнні і прапановы біскупаў, а Папа павінен вырашыць, якім чынам напрацоўкі Сінода будуць абвешчаныя афіцыйна. Кожнаму ж з нас варта звярнуць сваю ўвагу на ўласную сям’ю і прааналізаваць, як яна выглядае на фоне згаданых праблемаў. Бо, на самай справе, рашэнне хаваецца не ў выніковым дакуменце Сінода, а ў нашай гатоўнасці вызнаць праблему і ў жаданні выправіць яе.

а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст

для друку для друку