Ці павінны мы адчуваць трывогу пасля аб’яўленняў у Фаціме?

Бог ёсць Любоў. Ён усіх прабачае і кожнага адорвае патрэбнымі ласкамі. Атачае любоўю бескарыслівай, ціхай, пакорнай, сціплай; любоўю, якая ніколі не скардзіцца і не вымушае; любоўю дасканалай. Баяцца яе можа толькі той, хто заграз у граху, чые ўчынкі і выбары пярэчаць волі міласэрнага Айца.

Гэта пацвярджае гісторыя з самага пачатку стварэння: Адам і Ева, знаходзячыся ў Раі, былі шчаслівымі, бо трывалі побач з Панам. Аднак пасля таго, як яны парушылі Божы наказ, адчулі страх перад Усемагутным і схаваліся ад Яго (параўн.: Быц 3, 10). Здзейснены грэх непаслухмянасці здэфармаваў у іх сэрцах і вачах сапраўдны вобраз Бога.

Кожнае зло, учыненае чалавекам, патрабуе адкуплення. Гэта з-за нашых грахоў некалі Хрыстос аддаў жыццё на крыжы і тым самым адчыніў брамы ў Неба. А каб асцерагчы душы людзей ад пекла, Усемагутны часам мусіць выкарыстоўваць пагрозы ці нават пакаранне, што з’яўляецца адным з неад’емных элементаў выхавання чалавечай натуры.

Мноства прыкладаў гэтаму можна знайсці ў Старым Запавеце. Дастаткова ўзгадаць хаця б гісторыю Ноя. Людзі адвярнуліся ад Бога, ад Яго законаў, так, што “была вялікая разбэшчанасць чалавека на зямлі” (Быц 6, 5). Яны не хацелі навярнуцца, таму Усемагутны паслаў патоп – пакаранне, якое павінна было паказаць, што Ён з’яўляецца Панам гэтай зямлі, якую сам і стварыў.

Так Бог хацеў таксама перасцерагчы, што калі людзі не навярнуцца, іх напаткае не толькі цялесная смерць, але і вечнае асуджэнне душы (параўн.: Ян 5, 14), паколькі кожны стане перад Апошнім Судом. Навучаючы людзей падчас сваёй зямной вандроўкі, неаднаразова пра гэта паўтараў і Хрыстос: тыя, “хто чыніў дабро, выйдуць, каб уваскрэснуць для жыцця, а хто рабіў зло, – каб уваскрэснуць для асуджэння” (Ян 5, 29).

Боязь Божая з’яўляецца адным з дароў Святога Духа. Яна з аднаго боку павінна папярэджваць нас аб пакаранні, а з іншага – вучыць любові.

Падчас аб’яўленняў у Фаціме Марыя перасцерагае чалавецтва ад Божай кары, якая можа аказацца горшай за 2 сусветныя вайны з мінулага стагоддзя. Ці такая будучыня непазбежная? Не, таму што Бог ёсць Любоў! Падкрэслівае гэта і чарговая гісторыя з Бібліі пра жыхароў Нінівы, якія вельмі зграшылі супраць свайго Стварыцеля, і Іону, які заклікаў іх да навяртання. Пачуўшы папярэджанне з вуснаў прарока, нінівійцы апрануліся ў жалобу, абвясцілі пост і малілі Пана аб прабачэнні. Міласэрны Бог выслухаў іх малітвы і выратаваў цэлы горад (параўн.: Іон 3, 1–10).

Марыя, падобна Іоне, папярэджвае нас: калі не навярнёмся, загінем. Перажываючы юбілейны год аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, давайце з асаблівай увагай прыслухаемся да Яе слоў. Учынім, як жыхары Нінівы, возьмем з іх прыклад веры і даверу да Божай міласэрнасці. Не трэба баяцца любові, змены свайго жыцця і навяртання!

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку