Ці патрэбны ў Беларусі закон аб рэстытуцыі?

razburany xramУнікальны Касцёл у Княжыцах пры дарозе на Магілёў, былы дамініканскі Касцёл у стыле віленскага барока ў Смалянах, гіганцкі каталіцкі храм св. Веранікі ў Селішчы – што аб’ядноўвае ўсе гэтыя святыні? Справа ў тым, што гэтыя помнікі архітэктуры зараз паціху разбураюцца. Да іх можна дадаць яшчэ дзесяткі культавых будынкаў па ўсёй краіне, якія, як быццам, засталіся па-за часам і па-за рэлігійным жыццём – па шматлікіх аб’ектыўных прычынах.

У большасці выпадкаў храмы, якія прыйшлі ў заняпад, яшчэ з савецкіх часоў знаходзяцца на балансе Міністэрства культуры ці мясцовых уладаў (у залежнасці ад каштоўнасці), а яны не могуць дазволіць сабе (зноў жа па розных прычынах) фінансаванне рэстаўрацыі гэтых аб’ектаў.

Хто вінаваты і што рабіць – адказ на “спрадвечныя” пытанні можна шукаць доўга, але лепш ужо сёння задумацца, якое выйсце знайсці ў такой сітуацыі, упэўнены мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. “Адзіны шлях сёння – гэта перадаць гэтыя храмы на баланс Касцёла.

Я лічу, што іншых варыянтаў, каб выратаваць гэтыя помнікі, проста няма. А што рабіць з імі далей? Магчыма, пачынаць нейкую кляшторную дзейнасць. Можа быць, калі з’явяцца некалькі манахаў ці манахінь, яны год ад году змогуць неяк узняць гэты помнік. І прыклады такія ёсці, калі дзякуючы манаскаму жыццю ўзнімаліся цэлыя мястэчкі.

Напрыклад, Смалявічы. Некалі там з’явіліся браты-капуцыны. На нашых вачах мястэчка акрыяла, у тым ліку, дзякуючы іх дзейнасці”, — выказаў думку беларускі мастацтвазнаўца.

Але ў медаля, як кажуць, два бакі: Касцёл таксама не можа ўзяць на сябе такую адказнасць. Па-першае, калі будынак прызнаны помнікам архітэктуры, рэстаўраваць яго сваімі сіламі не атрымаецца. Па-другое, зноў жа сродкі. І па-трэцяе, не заўсёды аднаўленне канкрэтнага велічнага касцёла адпавядае патрэбам мясцовай парафіі, дзе можа быць вернікаў засталося некалькі дзесяткаў.

У Беларусі ўвогуле няма закона аб “рэстытуцыі” касцёльнай маёмасці, які б апісваў адзіны і ясны механізм перадачы культавых будынкаў рэлігійным аб’яднанням і, які дазволіў бы вярнуць маёмасць тым канфесіям, якім яна належала, напрыклад, да Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Таму ўзнікаюць сітуацыі, калі масяцовая каталіцкая парафія просіць аддаць былы культавы будынак з гатоўнасцю яго рэмантаваць і ўтрымліваць, а атрымлівае адмову. “На сённяшні дзень у нас няма прававой базы, у нас няма “закона аб рэстытуцыі”.

Вяртаюць храмы праваслаўным, католікам і гэтак далей. Я вітаю гэта. Але часам узнікае пытанне, на падставе чаго? На падставе якога закона? Закона няма! Бярыце, або не дадзём. Адпаведна, няма на што спасылацца, да чаго апеляваць. Узнікаюць прававыя праблемы, якія ствараюць шмат непрыемных сітуацый. І гэтыя праблемы ў наш час пачынаюць нарастаць.

І на тле падзеяў на Украіне, і на тле палітызацыі рэлігійнага жыцця любая самая простая ініцыятыва – дайце, мы выратуем помнік, дайце афіцыйны дазвол – натыкаецца часам на поўнае неразуменне мясцовых уладаў, якія займаюць тую ці іншую пазіцыю. А тыя, хто хацеў бы праявіць ініцыятыву, не могуць спаслацца на закон, бо яго няма”, – патлумачыў Сяргей Харэўскі.

Але калі гэта прававая база з’явіцца ў краіне, яна павінна быць дакладнай і агульнай для ўсіх. Гэта дапаможа пазбегнуць непаразуменняў, бо ў беларускай гісторыі было і так: адзін храм належаў у розныя часы розным канфесіям. Таму патрэбны ясна сфармулаваны прынцып перадачы ў маёмасць.

Увогуле праблема шырокая і складаная. Але ўсё ж Каталіцкі Касцёл сёння павінен мець нейкую адзіную праграму выратавання культавых каштоўнасцяў і помнікаў, нейкі адзіны пасыл, да якога б, як звенні ў ланцужку, далучаліся святары, гісторыкі, проста неабыякавыя людзі і валанцёры. А ў захаванні маюць патрэбу не толькі будынкі, але і рэлігійныя кнігі, маёмасць з старых храмаў, нават могілкі, лічыць Сяргей Харэўскі. “Можа быў бы сэнс пры кожнай дыяцэзіі ствараць дыяцэзіальныя музейчыкі для касцёльных рэліквій, асабліва гэта важна для тых рэгіёнаў, дзе колькасць насельніцтва змяншаецца.

Тое ж самае тычыцца некропаляў. Напрыклад, у Чарэі Чашніцкага раёна развальваецца капліца роду Оскара Мілаша. А там не трэба завоблачных капіталаўкладанняў. Некалькі рулонаў рубероіда, і талакой можна было б зрабіць. Проста няма гэтай праграмы агульнай, так званай прамога дзеяння. Як гэта ратаваць усё. Мы бачым, што не заўсёды патрэбны нейкія мільёны, ёсць ідэя.

Вядома, нельга патрабаваць ад святара, каб ён быў фантазёрам ці крэатыўным. Але можна запрашаць да сябе параіцца творчых людзей. Калі ёсць пытанні, калі не ведаюць, як падступіцца, хай запрашаюць спецыялістаў на гарбату-каву. Многія праблемы можна вырашыць галосна, гучна, а некаторыя – вось так, калі параіцца”, — сказаў мастацтвазнаўца.

Перафразуючы класіка, усе шчаслівыя парафіі шчаслівы аднолькава. У тых жа, дзе ёсць старыя будынкі, якія разбураюцца, свая гісторыя і свая праўда. Вядома адно – гісторыя не церпіць умоўнага ладу, як і бяздзейнасці, упэўнены Сяргей Харэўскі.

“Можна ладзіць дыялог, дэманстраваць магчымасці Касцёла харытатыўнай дзейнасці, у сацыяльнай сферы, у рэшце рэшт паказваць перспектыву, што, калі будзе адноўлены і будзе належным чынам гэта ўтрымлівацца, то да вас паедуць госці. І паказваць добрыя прыклады: Мосар, Лучай, Гервяты.Часам гэтым турыстам і ваяжорам не хапае густу, але, тым не менш, мясцовыя ўлады задаволены, што прыязждае шмат людзей, яны пакідаюць нейкія сродкі.

Падсумоўваючы, трэба аглядзецца, што можна зрабіць самім: паставіць плот, перакрыць дах, захаваць для наступнага пакалення, калі сіл і сродкаў сёння не хапае, не дапусціць забыцця і занядбання гэтага месца, хаця б пазначыць яго”, — падкрэсліў гісторык мастацтва.

А гэта – па сілам кожнаму. Галоўнае – ведаць, дзеля чаго рабіць. Самае простае – разумець, што час ідзе, а некаторыя рэчы зусім хутка будуць страчаны назаўсёды.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку