Ці можна прымусіць паспавядацца?

“Хвала Хрысту! Раней я гэтага не заўважала… А падчас сёлетніх велікапосных рэкалекцый кінулася ў вочы, як бацькі штурхаюць сваіх дзяцей да споведзі. Дарэчы, дзеці ўжо вялікія – 14-15 гадоў. Падкажыце, ці правільна гэта – прымушаць кагосьці ісці да споведзі, у тым ліку дзяцей?” Вераніка

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD, Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску:

– Паважаная Вераніка! Дзякуй за важнае пытанне, якое закранае некалькі аспектаў жыцця чалавечай асобы ў сямейным Касцёле, такіх, як вера, хрысціянскае выхаванне, прыклад уласнага жыцця, удзел у катэхізацыі, пачуццё ды ўсведамленне віны і граху, імкненне да святасці, маральная вартасць чыну. Пералічанае можна без сумневу разглядаць у якасці выклікаў сучаснасці як для душпастыраў, так і для свецкіх вернікаў, у першую чаргу бацькоў. Некаторыя аспекты закранём у адказе на пытанне.

Сутнасць споведзі

Рэлігійныя практыкі не могуць стаць вынікам нейкага прымусу, але павінны быць свабодным выбарам, які пацвярджае любоў да Бога. Такое ж правіла датычыць і сакраманту споведзі. Памылковым было б звесці споведзь да чыста юрыдычнай катэгорыі і лічыць яе формай абавязку, які вернік павінен выканаць, перадусім з нагоды Пасхальных святаў. Такое разуменне споведзі пазбавіла б гэты сакрамант праўдзівага сэнсу – сустрэчы чалавека з любоўю міласэрнага Бога. Мэтай і вынікам споведзі з’яўляецца паяднанне чалавека з Богам і супольнасцю, а таксама аднаўленне праўдзівага вобразу Бога ў сабе. Прыступаючы да споведзі, вернік успрымае сябе як умілаванае Божае дзіця, г. зн. адкрывае ў сабе паўнату чалавечнасці. Дапамогай у правільным разуменні споведзі могуць быць словы святога Яна Паўла II, які ў Апостальскай адгартацыі “Reconciliatio et paenitentia” піша, што паяднанне з Богам нараджае “далейшыя паяднанні, якія выпраўляюць іншыя выкліканыя грахом разлады: панітэнт, які атрымаў прабачэнне, яднаецца з самім сабой у глыбіні ўласнага “я”, знаходзячы ўнутраную праўду; яднаецца з братамі, пэўным чынам ім пакрыўджанымі і зняважанымі; яднаецца з Касцёлам, яднаецца з усім стварэннем. З гэтай свядомасці пасля абраду паяднання ў панітэнце нараджаецца пачуццё ўдзячнасці Богу (да гэтага заахвочвае Касцёл) за атрыманы дар міласэрнасці”.

Фармацыя да споведзі

Папа Францішак пастаянна пераконвае, што “Бог даруе заўсёды! Ён не стамляецца дараваць. Гэта мы стамляемся прасіць прабачэння”. У адной са сваіх медытацый падчас святой Імшы (23.02.2015 г.) Святы Айцец сказаў: “Споведзь часта бывае руціннай фармальнасцю: стук, стук, і можаш ісці! Усё механічна! О, не! А дзе сустрэча? Дзе сустрэча з Панам, Які яднае, прымае і спраўляе свята? Наш Бог такі – вельмі добры. І мы павінны вучыць нашых дзяцей і моладзь, як добра спавядацца. Споведзь – гэта не візіт у пральню для выдалення плямы. Не! Гэты выхад на сустрэчу Айцу, Які прабачае і спраўляе свята”. Заданне бацькоў – перадаць сваім дзецям праўду пра Бога. Гэта мае адносіны і да сакраманту споведзі. Трэба сцвердзіць, што выхаванне рэлігійных практык вельмі адказнае, складанае, патрабуе часу і адпаведнага ўзроўню рэлігійнай падрыхтоўкі. Асноўнай дарогай з’яўляецца фарміраванне праўдзівага і праведнага сумлення дзіцяці, якое дапамагае (у тым ліку маленькаму чалавеку) убачыць сябе і свае ўчынкі перад Богам у перспектыве адносін з іншымі людзьмі і светам. Такім чынам дзіця спазнае радасць учыненага дабра, а адкрываючы ў сабе слабасці, вучыцца навяртанню і імкненню да перамагання самога сябе. Бацькі і тыя, хто ім дапамагае, у тым ліку душпастыры, пакліканыя паказваць дзецям і моладзі вызваленчае шчасце, якое спазнаецца на дарозе паяднання з Богам і Касцёлам менавіта праз споведзь. Асаблівым знакам ёсць прыклад сям’і: дзіця павінна стаць сведкам паяднання сваіх бацькоў і іншых чальцоў сям’і. Прыклад назаўсёды застанецца найлепшым настаўнікам, а бацькі – першай катэхезай для сваіх дзяцей.

Чын, здзейснены пад прымусам

Вераніка піша ў пытанні пра сітуацыю, калі хтосьці нейкім чынам прымушае сваіх дзяцей спавядацца. Гаворка ідзе пра моладзь. Складана паставіцца непасрэдна да “штурхання”, бо, як вядома, кожны чын трэба разглядаць з розных бакоў, улічваючы акалічнасці, стан асобы, а таксама яго мэты. Калі казаць пра прымус у адносінах да споведзі, то нельга пахваліць такое дзеянне. Споведзь павінна быць свядомым і добраахвотным чынам чалавека. Хтосьці можа сказаць, што не бачыць іншай магчымасці, як толькі прымус у дачыненні да сваіх дзяцей-падлеткаў. Магчыма, што некаторыя бацькі не зусім педагагічна матывуюць дачку ці сына, аднак робяць гэта, хочучы дабра. Маральная тэалогія вучыць, што чыны бываюць унутраныя і знешнія. Першыя могуць не праяўляцца вонкава, але яны ўсвядомленыя і жаданыя (чалавек можа на гэтым спыніцца). Знешні чын звычайна з’яўляецца працягам унутранага, аднак не заўсёды, бо бываюць сітуацыі, калі хтосьці робіць нешта пад прымусам, унутрана не жадаючы гэтага. Асоба, якая паддадзена ўздзеянню прымусу, можа выказаць выразны або маўклівы супраціў. Каб больш даступна растлумачыць дзеянне пад уплывам прымусу, трэба сцвердзіць, што да выканання знешняга чыну магчыма прымусіць чалавека, аднак ніхто не ў стане прымусіць жадаць таго, чаго хтосьці не хоча ў сэрцы.

Іншай формай знешняга ціску ёсць страх. Напрыклад, пакрыўдзіць блізкую асобу. У гэтым выпадку таксама можам казаць пра ўнутраны і знешні чын. Трэба, аднак, памятаць, што пэўная форма знешняга ціску выкліканая тымі, хто мае на гэта права (напрыклад, бацькамі, роднымі, сябрамі ці іншымі), можа мабілізаваць да дзеяння і мець таксама выхаваўчы характар. Тут важна ўлічваць як станоўчы, так і адмоўны вынік такога дзеяння. У выпадку сакраманту споведзі ў некаторых акалічнасцях больш настойлівая матывацыя можа стаць для чалавека дапамогай, але можа таксама прывесці да псіхалагічнай ды духоўнай траўмы. Безумоўна, неабходныя вялікая жыццёвая мудрасць і ўважлівасць, а таксама шанаванне свабоды іншага чалавека. Вызнанне грахоў на споведзі – гэта вынік і пацвярджэнне працэсу навяртання. Памылкова было б абмежаваць яго толькі да канфесіянала. Вернік, які ідзе да споведзі, павінен памятаць пра ўсе ўмовы сакраманту пакаяння і паяднання: рахунак сумлення, жаль за грахі, моцнае пастанаўленне выпраўлення, шчырая споведзь і сатысфакцыя. Чалавек, які ідзе да споведзі, павінен хацець выправіцца, а найперш зразумець, што сакрамант паяднання – гэта не пакаранне, а ласка, сустрэча з Богам, Які мяне чакае, бо любіць.

Адказнасць за бліжніх

Вераніка сваім пытаннем адкрывае яшчэ адну сферу адносін паміж людзьмі, а менавіта адказнасць за іншага чалавека і жаданне для яго дабра. Касцёл – гэта Містычнае Цела Хрыста (г. зн. усе ахрышчаныя). Вобразна можна сказаць, што Касцёл з’яўляецца жывым арганізмам, а кожны вернік яго часткай. У такой перспектыве нам не можа быць абыякавым жыццё нашых сясцёр і братоў. Першай прасторай нашай адказнасці за іншых ёсць малітва, якой падтрымліваем адно аднаго, хоць не заўсёды бачым вынікі. Адказнасць за бліжніх, асабліва найбліжэйшых, выражаецца таксама ва ўменні дапамагчы прымаць правільныя рашэнні ды ісці па дарозе да святасці. Гэта не датычыць толькі дзяцей ці моладзі, але ўсіх.

Хрыстос даў сваім вернікам споведзь як сакрамант аздараўлення ў дарозе да збаўлення. Хрысціянская любоў да іншага чалавека, асабліва найбліжэйшага, патрабуе неаднойчы рознымі спосабамі схіляць кагосьці да перамены жыцця, да навяртання і да споведзі. Добрыя мама, тата, жонка, муж, сястра, брат ці сябры не тады, калі ўсё дазваляюць, але тады, калі ў патрэбны час паказваюць блізкім неправеднасць іх паводзін і добра раяць. Калі верым, што ад паяднання з Богам, самім сабою і бліжнімі залежыць збаўленне блізкай асобы, то ўсімі даступнымі спосабамі будзем старацца дапамагчы ёй добра падрыхтавацца і перажываць сустрэчу з Міласэрным Хрыстом у сакраманце пакаяння і паяднання. Трэба імкнуцца, каб сапраўды сваімі дзеяннямі дапамагчы пазнаць дабрыню і любоў Бога!

для друку для друку