Ці можна піць, захоўваць, выліваць, падмешваць у ежу святую ваду?

Як і для чаго выкарыстоўваць асвячоную ваду, ці можна праводзіць з ёй якія-небудзь рытуалы — тлумачыць святар.

Ці можна піць святую ваду? Гэтае пытанне — адно з папулярных у пошукавых сістэмах. А пошук малюнкаў па тэматычным запыце перш за ўсё выдае кроплі для вачэй са «святой вады»… На тэму асвячонай вады размаўляем з гомельскім каталіцкім святаром Андрэем Багдановічам.

— Асвечаная вада, галоўным чынам, служыць для таго, каб акрапляць ёю памяшканні, прадметы і саміх сябе. Калі вернікі прыносяць з касцёла асвячоную ваду, то захоўваюць яе, перш за ўсё, для таго, каб змочваць пальцы і рабіць знак крыжа пры выхадзе з дому з малітвай аб тым, каб Гасподзь захаваў ад усялякага зла. Таксама асвячонай вадой мы акрапляе сваё жыллё. Калі прыйшла пара прынесці з храма новую асвячоную ваду, а ў нас яшчэ засталася старая, яе можна выліць, але не ў каналізацыю, а на зямлю — у тыя месцы, дзе ніхто не ходзіць, месцы асаблівага шанавання: напрыклад, на могілках, пад крыжам альбо ў кветнік.

Для адказу ж на пытанне — «Ці можна піць асвячоную ваду?» — важна спытаць сябе: «А для чаго? З якой мэтай?».

— У заходняй традыцыі няма звычаю піць асвячоную ваду. Пра гэта кажа і каталіцкая энцыклапедыя. Але ў жыцці розных святых сустракаліся абрады, звязаныя з ужываннем вады. Асвечаная вада можа стаць дапамогай для дзеяння Божай ласкі, для дапамогі ў веры і нават для лячэння. Аднак неабходнай умовай для гэтага з’яўляецца наша адкрытасць для прыняцця Божай дапамогі і правільная іерархія, якая выяўляецца ў тым, што мы ўпэўненыя ў ацаляючым дзеянні Бога ў сакрамэнтах, а асвечаная вада можа дапамагчы нам да гэтых сакрамэнтаў падрыхтавацца.

Піць ці як-небудзь выкарыстоўваць асвячоную ваду для здзяйснення рытуалаў або якіх-небудзь іншых магічных дзеянняў нельга — робячы так, мы паступаем як язычнікі і адыходзім ад хрысціянскай веры.

Напрыклад, некаторыя ўпотай падліваюць асвячоную ваду ў суп свайму мужу, каб той кінуў піць. Хтосьці сам п’е асвячоную ваду з мэтай ацалення ад якой-небудзь хваробы. Такім чынам выкарыстаць асвячоную ваду не трэба.

— Можна маліцца пра аздараўленне, ужываючы пры гэтым асвячоную ваду, але думаць пра тое, што «чым больш вып’ю — тым больш падзейнічае», — памылка. Не трэба піць асвячоную ваду літрамі, досыць глытка. А вось верыць трэба як мага больш — у тое, што Гасподзь можа вылечыць, дапамагчы, здзейсніць цуд з дапамогай асвячонай вады.

Адзначым, што важна разумець адрозненні паміж сакрамантамі (гэта Хрост, Канфірмацыя, Эўхарыстыя, Пакаянне, Намашчэнне хворых, Пасвячэнне, Сужэнства) і сакраманталіямі — да апошніх як раз адносіцца асвячэнне вады.

— Праз сакраманталіі таксама дзейнічае Хрыстус, але не ў такой ступені, як праз сакраманты, — піша ў сваім артыкуле айцец Аляксандр Жарнасек. — Калі мы разумеем адрозненне паміж сакрамантамі і сакраманталіямі, то многае залежыць ад нашай веры. У Евангеллі чытаем, што ў Назарэце Езус не мог учыніць ніякага цуду з-за нявер’я людзей у Яго Божую сілу. Калі мы паводле вучэння Каталіцкага Касцёла верым у сем сакрамантаў, значыць, саўдзельнічаючы ў веры Касцёла, атрымліваем сілу і ласку, якую Езус перадаў Касцёлу.

Вядома, калі мы верым у сілу асвячонай вады, Пан дзейнічае праз яе, але гэта кропля ў моры ў параўнанні з тым, калі мы ад усяго сэрца паверым у асаблівую прысутнасць Госпада у святых сакрамантах.

Гаворка не пра тое, што сакраманталіі няважныя, але каб усталявалася належная іерархія. Гэта значыць, напрыклад, што ўдзел у Эўхарыстыі значна важнейшы, чым проста малітва з выкарыстаннем асвячонай вады.

katolik.life

для друку для друку