Ці можна піць святую ваду?

3f5a10db57e9e8f9e0763516c6976e63“Хвала Хрысту! Адкажыце, калі ласка, ці можна піць асвечаную ваду кожны дзень, не маючы ў гэтым неабходнасці? Мае дзеці кожную раніцу, зрабіўшы знак крыжа, п’юць тры глыткі вады з Будслава. Ці не з’яўляецца гэта блюзнерствам?”

Вольга

На пытанне адказвае кс. Аляксандр Сапель:

– Гісторыя вады ў хрысціянскіх рэлігіях мае вельмі доўгую традыцыю, якая бярэ пачатак са Старога Запавету.

На працягу стагоддзяў ваду выкарыстоўвалі ў розных мэтах. Яна мела вялікае лекавае значэнне: вада з крыніцы, з іншых месцаў, што славяцца цудамі. Каля некаторых санктуарыяў можам знайсці асвечаную ваду.

Кожны з нас павінен адрозніваць ваду, асвечаную святаром, і з крыніцы (не асвечаную). Асвечаная вада становіцца выключанай са штодзённага (свецкага) карыстання. Яна павінна быць выкарыстана паводле малітвы Касцёла, якой моліцца святар. Крынічную ж ваду можам ужываць па-рознаму: мыцца, рабіць гарбату, праць.

Пры асвячэнні вады малітвы змяняліся на працягу стагоддзяў. Хоць трэба прызнаць, што апошняя малітва перад Другім Ватыканскім саборам была вельмі багатага зместу, але толькі адна. Ватыканскі сабор уводзіць змены, і колькасць малітваў павялічваецца. Гэта дае святару права выбраць малітву для адпаведнай сітуацыі.

Новыя малітвы асвячэння вады, якія выкарыстоўваюцца па-за святой Імшой, наогул маюць у сабе агульныя просьбы да Бога: пра Божую апеку (De benedictionibus nr. 1093), аб нашым аднаўленні душы і цела (1094), аб бласлаўленні і ачышчэнні для Касцёла (1095), пра тое, каб вада нагадвала нам аб нашым хросце (1304, 1324). Ва ўспамін св. Агаты асвячаецца вада для таго, “каб бараніла нас ад агню і ўсіх небяспек” (1333).

Бласлаўленне вады падчас св. Імшы: святар просіць Бога, каб даў праз ваду “абарону ад усялякіх хваробаў і подступаў д’ябла” і каб пазбегнуць “усіх небяспек для душы і цела”.

Трэба таксама памятаць, што акрапленне падчас святой Імшы – гэта памятка нашага хросту. Хрысціянін акунаецца – ачышчаецца ад першароднага граху. Разам з Хрыстом ён змёртвыхпаўстае ўжо як новы чалавек. Гэта настолькі важны момант, што ўсё, што адбываецца ў пазнейшым жыцці чалавека, павінна быць клопатам пра гэты выбар, каб яго ўмацоўваць, развіваць і ўдасканальваць.

Касцёл бласлаўляе рэчы: памяшканні, прадметы, ежу, але сапраўдным адрасатам блаславення з’яўляецца чалавек. Рэчы маюць адзіную мэту – дапамагчы “быць пасярэднікам” у персанальнай сустрэчы чалавека з Богам. Рэчы не атрымліваюць нейкай моцы. Самі па сабе яны не могуць дапамагчы ў працэсе збаўлення, але з’яўляюцца важнымі настолькі, наколькі ім спадарожнічае вера ў моц і Божае дзеянне. Такое разуменне асвечаных рэчаў вельмі важнае, бо аберагае перад магічным стаўленнем да іх.

Шмат можна казаць пра сакраманталіі ў Касцёле, але, адказваючы на пастаўленае пытанне, хачу падкрэсліць, што піццё асвечанай вады не з’яўляецца блюзнерствам.

для друку для друку