Ці можна павянчацца з тым, хто ўжо раней быў павенчаны?

szliub“Як паступіць у такім выпадку: маладыя людзі кахаюць адно аднаго і хочуць злучыць свае лёсы ў сужэнскім саюзе і ўзяць шлюб у царкве ці касцёле (адназначна не вырашана). Аднак ёсць перашкода, бо ў аднаго з іх ужо было вянчанне ў царкве? Што рабіць, калі, паводле Бібліі, не можа ніхто другі раз жаніцца ці выходзіць замуж, калі ўжо вянчаны раней і мае жывога былога мужа ці жонку?”

На пытанне адказвае кс. Валерый Марціноўскі, парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, Гарадок:

У справах шлюбу заўсёды трэба звяртацца да мясцовага душпастыра. Ён, распазнаўшы сітуацыю, можа падказаць, што рабіць: альбо звярнуцца ў касцельны суд і паспрабаваць даказаць несапраўднасць папярэдняга сужэнства, альбо ўстрымацца ад сумеснага жыцця без Божага бласлаўлення.

Кардынал Герхард Людвіг Мюллер, прэфект Кангрэгацыі веравучэння, прыгадвае, што асобы, якія зноў заключылі сужэнскі саюз (несакрамантальны), не могуць прыступаць да Святой Камуніі. «Непарыўнасць кожнага сапраўдна заключанага і сакрамантальнага сужэнства абсалютная. Справа ў дадзеным выпадку датычыць «Божай нормы», з якой Касцёл ні ў якім выпадку не можа рабіць выключэнняў» – нагадвае Ватыканскі кардынал. Аднак Касцёл заўсёды адкрыты да тых хрысціян, чыё сужэнства скончылася няўдачай, і запрашае да малітвы і супрацоўніцтва з душпастырамі, каб калісьці настаў момант іх вяртання да актыўнага ўдзелу ў сакрамантальным жыцці.

Касцёл прапаноўвае наступныя шляхі вяртання да жыцця ў ласцы. У прыватнасці, прымірэнне сакрамантальных сужэнцаў і пакіданне тых асоб, з якімі існуе несакрамантальная сувязь. Гэта, канешне, звязана з хрысціянскім прабачэннем і велікадушнасцю сэрца. Іншы шлях – адыход ад таго, з кім асоба жыве ў пазашлюбнай сувязі, і працяг жыцця ў самотнасці і сепарацыі ад сакрамантальнага сужэнца.

Атрыманне ад касцельнага суда рашэння аб несапраўднасці папярэдняга сужэнства.

Выпадкі, калі згодна з «Familiaris consortio» (п. 84) і з дакументам Кангрэгацыі веравучэння з 14 верасня 1994 г. (п. 4), разведзеныя сужэнцы, якія жывуць у несакрамантальных саюзах, могуць прыступаць да Камуніі пры выкананні наступных умоваў:

— Прызнанне навукі Хрыста пра неразарвальнасць сакрамантальнага сужэнства і жаль праз тое, што яны сваім несакрамантальным саюзам сталі супраць волі Хрыста.

— Немагчымасць разарваць сумеснае пражыванне з несакрамантальным сужэнцам па важных прычынах: выхаванне дзяцей ці апека над кімсьці з партнёраў.

— Прыняцце абавязку жыцця ў поўным сэксуальным устрыманні.

— Не можа быць небяспека згаршэння для парафіяльнай супольнасці. Таму з дазволу пробашча парафіі Камунію такія хрысціяне будуць прымаць толькі пры пэўных абставінах, у іншым касцёле ці пры адпаведных умовах.

для друку для друку