“Хвала Хрысту! Скажыце, калі ласка, ці можна падкрэсліваць у Бібліі ручкай або тэкставыдзяляльнікам? І ці можна чытаць Біблію выдання евангельскіх хрысціян-баптыстаў 1968 года?”
Алена
На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель:
– Святое Пісанне, або Біблія ў большасці хрысціянскіх канфесій і дэнамінацый аднолькавае. Але канон каталікоў і праваслаўных уключае ў сябе больш кнігаў, чым у пратэстантаў. Выданні баптыстаў любога года чытаць можна. Біблія баптыстаў уключае ў сябе дакладна такія ж тэксты, як і каталіцкая, з той толькі розніцай, што ў Старым Запавеце не будзе другакананічных кнігаў, якія мае каталіцкі канон. Сюды адносяцца, напрыклад, кніга Мудрасці Саламона, кніга Ісуса, сына Сіраха, кнігі Тобіі, Юдыт і інш.
Гэтыя кнігі называюцца другакананічнымі не таму, што яны – канон другога гатунку, але таму, што пытанне аб уключэнні іх у канон Пісання было вырашана пазней, чым гэта было з тымі кнігамі, якія заўсёды і ўсюды лічыліся часткай Пісання (напрыклад, кнігі Быцця, прарока Ісаі, Псалтыр). Пратэстанты з часоў Рэфармацыі выключылі гэтыя кнігі з кананічнай Бібліі па той прычыне, што яны не ўвайшлі ў юдэйскі канон праз адсутнасць тэкстаў на мове арыгінала.
Другакананічныя кнігі Старога Запавету захаваліся цалкам толькі ў перакладзе на грэцкую мову, вядомым як Сэптуагінта, зробленым у ІІІ-ІІ ст. да н.э. На мове арыгінала вядомыя толькі іх асобныя ўрыўкі. Аднак гэта абсалютна не дастатковая прычына, каб адмовіцца ад згаданых кнігаў. Ад першых стагоддзяў хрысціянская Царква вызнавала іх боганатхнёнымі, што пацвярджалася таксама на шэрагу Сусветных сабораў.
Адносна падкрэслівання ў Бібліі трэба памятаць, што святым з’яўляецца тэкст Святога Пісання, яго змест, а не сама кніга. Таму падкрэсліванне не будзе знявагай ці абразай Бога, калі мы робім гэта дзеля таго, каб лепш запомніць і зразумець напісанае. Безумоўна, рабіць гэта можна толькі ў сваёй асабістай кнізе.
для друку