Ці можна падчас Вялікага посту хадзіць у тэатр?

Хвала Хрысту! Ці можна падчас Вялікага посту хадзіць у тэатр? І ці можна падчас посту адзін раз схадзіць на канцэрт любімага гурта, калі ён рэдка прыязджае? Яўгенія

На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач SP, піяр, магістр тэалогіі, Ліда:

– Хвала навекі! Вялікі пост у Касцёле з’яўляецца перыядам пакаяння. Нас, хрысціян-католікаў, у гэтым выпадку абавязвае касцельнае права і пяць касцельных наказаў, якія маюць на мэце гарантаваць вернікам неабходны мінімум духу малітвы, сакрамантальнага жыцця, маральнага намагання і ўзрастання ў любові да Бога і бліжняга. Менавіта чацвёрты наказ гучыць наступным чынам: “Захоўваць ва ўстаноўленыя дні пост і ўстрыманне ад мясных страў, а ў перыяды пакаяння не ўдзельнічаць у забавах”.

“Кодэкс Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла” ў канонах 1249, 1250, наступным чынам тлумачыць пра дні пакаяння:

Кан. 1249: Усе верныя Хрысту, кожны па-свойму, у сілу Божага закона абавязаны здзяйсняць пакаянне. Але для таго, каб усе яны злучыліся адзін з адным, сумесна здзяйсняючы пакаянне, прадпісваюцца дні пакаяння, калі верныя Хрысту павінны асаблівым чынам аддавацца малітве, выконваць справы пабожнасці і міласэрнасці, адракацца ад саміх сябе, верна выконваючы свае абавязкі, але перш за ўсё – захоўваючы пост і ўстрыманне па нормах канонаў.

Кан. 1250: Днямі пакаяння і перыядамі ў паўсюдным Касцёле з’яўляюцца ўсе пятніцы на працягу ўсяго года, а таксама падчас Вялікага посту.

“Катэхізіс Каталіцкага Касцёла” ў нумары 1438 кажа: Перыяды і дні пакаяння на працягу літургічнага года (час Вялікага посту, кожная пятніца ў памяць смерці Госпада) з’яўляюцца ў Касцёле асаблівым часам практыкі пакаяння. Гэтыя перыяды больш за ўсё падыходзяць для духоўных практыкаванняў, набажэнстваў пакаяння, пілігрымак пакутнага характару, а таксама для добраахвотных самаабмежаванняў, такіх, як пост і міласціна, і для таго, каб па-братэрску дзяліцца з іншымі (дабрачынныя і місіянерскія справы).

Каноны, згаданыя вышэй, гавораць нам, што Вялікі пост – гэта асаблівы перыяд пакаяння ў жыцці Касцёла, а з тым і кожнага верніка. Безумоўна, падчас посту не забараняецца схадзіць у тэатр і культурна ўзбагаціцца праз прагляд адпаведнай тэатральнай пастаноўкі, п’есы і г.д.

Што да канцэрта любімага гурта, які, напрыклад, прыязджае вельмі рэдка. Ці сапраўды я мушу падчас Вялікага посту ісці на канцэрт? Чаго так насамрэч прагне маё сэрца? Бо ўсё ж такі канцэрт – гэта гучнае мерапрыемства! Як кажа св. Павел Апостал, “усё мне можна, але не ўсё карысна” (1 Кар 6, 12). Ці будзе гэта карысна для маёй душы падчас Вялікага посту? Я асабіста ў Вялікі пост не пайшоў бы на такі канцэрт, хоць ён вельмі рэдка бывае. Усё залежыць ад таго, як сфарміравана сумленне канкрэтнага верніка.

Вялікі пост – гэта час пакаяння, і вельмі важнай з’яўляецца тут матывацыя католіка-практыка: адмаўляюся ад чагосьці падчас Вялікага посту не таму, што так настаўляе мяне касцельны наказ, але таму, што прагну гэта ўчыніць дзеля Яго – Езуса! Гэта вельмі важная матывацыя! Трэба пра гэту справу шчыра паразважаць у сваім сумленні, бо менавіта цяпер час спрыяльны, вось цяпер дзень збаўлення.

 

для друку для друку