Ці можна падчас посту жаніцца?

uadreams.de“Хвала Хрысту! Ці можна падчас посту рэгістраваць шлюб у ЗАГСе?” Юлія

На пытанне адказвае кс. Валерый Марціноўскі:

– Калі пасля рэгістрацыі ў ЗАГСе адбываецца вянчанне ў касцёле, то ніякіх перашкод у заключэнні шлюбу нават у Вялікі пост няма. Аднак калі шлюб зводзіцца толькі да штампаў у пашпартах, то касцёл не ўхваляе такія дзеянні ні падчас посту, ні падчас звычайнага перыяду. Бо супольнае жыццё мужчыны і жанчыны без сакрамантальнай ласкі з’яўляецца грахом.

Грэх жа ёсць злом заўсёды. Вось такімі ўзнёслымі словамі ўводзіны да “Парадку цэлебрацыі сужэнства” апісваюць значэнне і годнасць гэтага сакраманту: «Цесная супольнасць жыцця і кахання, у якой сужэнцы «ўжо не двое, але адно цела», заснаваная Богам-Стваральнікам, кіруецца ўласнымі законамі і атрымала такое бласлаўленне, якога не змагла знішчыць віна першароднага граху. Таму гэтая святая сувязь залежыць не ад людской волі, а ад таго, хто заснаваў сужэнства і пажадаў адарыць яго асаблівымі дабротамі і заданнямі. Хрыстос, аднаўляючы стварэнне і ствараючы ўсё наноў, вярнуў сужэнству першаснае аблічча і святасць, каб тое, што злучыў Бог, чалавек не разлучаў. Для выразнага выяўлення непарушнасці сужэнскай дамовы і аднаўлення яе на ўзор свайго запавету з Касцёлам, Ён узняў яе да годнасці сакраманту” (Уводзіны 4, 5).

Што да часу заключэння сужэнства, то касцёл у звычайных умовах дазваляе здзяйсняць гэты сакрамант ва ўсе дні, апроч Вялікай пятніцы і Вялікай суботы (паводле прадпісанняў Рымскага імшала, у гэтыя дні дазволена толькі ўдзяляць намашчэнне хворых і сакрамант пакаяння). Аднак калі вернікі, якія збіраюцца ўзяць шлюб, плануюць пасля здзяйснення сакраманту ў касцёле працягваць святкаванне праз забаўляльныя мерапрыемствы і застолле, то гэта нельга рабіць у дні Вялікага посту і ў Пакутны дзень на працягу года (пятніца).

для друку для друку