Ці можна падчас менструацыі прыходзіць на Імшу?

msza-swieta

“Хвала Хрысту! Мяне цікавіць такое пытанне: ці можна падчас менструацыі прыходзіць на Імшу?” Валерыя

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD:

– Дарагая спадарыня Валерыя! Актуальныя дакументы Каталіцкага Касцёла не абмяжоўваюць доступ да удзелу ў сакрамантальным жыцці ў час менструацыі. І хоць у далёкай гісторыі хрысціянства можна сустрэць тэксты паасобных тэолагаў, якія, спасылаючыся на 15 раздзел Кнігі Лявіта, лічылі, што жанчына ў часе менструацыі павінна ўстрымацца ад удзелу ў літургіі, гэтыя выказванні ніколі не станавіліся часткай паўсюднага навучання Касцёла. Такім чынам, няма аніякіх падстаў, каб лічыць час менструацыі неадпаведным для наведвання святыняў, удзелу ў святой Імшы, набажэнствах і іншых касцельных мерапрыемствах.

Варта нагадаць, што поўны ўдзел у святой Імшы ўключае і прыняцце чыстым сэрцам Святой Камуніі. Калі вернік не мае цяжкіх грахоў, то на моцы хросту мае права з верай, удзячнасцю і радасцю спажываць з эўхарыстычнага стала Хрыстовае Цела, якое ўмацоўвае ў розных жыццёвых сітуацыях у дарозе да святасці.

для друку для друку