Ці можна маліцца за жывёлу?

 “Дарагая рэдакцыя! У мяне пытанне пра сабак. Зараз іх садзяць за стол, а на могілках, дзе пахаваныя свойскія жывёлы, людзі ставяць агароджы, помнікі і нават крыжы. А многія за іх і моляцца. Калі ласка, растлумачце вернікам, як гэта трэба рабіць правільна? Што можна, а што нельга?” Віталь Леановіч.

На пытанне адказвае кс. Віктар Місевіч, канцлер Віцебскай дыцэзіі:

– Мы ведаем, што чалавек – вянец Божага стварэння, а навакольны свет – гэта падарунак ад Бога, якім мы павінны разумна карыстацца, асвойваць яго і ў ім валадарыць. Канешне, такога кштату дзейнасць азначае і адказнасць. Нездарма Папа Францішак у сваёй энцыкліцы “Laudato si’” нагадвае нам пра важнасць ашчаднага і разумнага карыстання дарамі прыроды. Немагчыма сабе ўявіць паўнавартаснае развіццё чалавека як асобы, ды і ўсяго грамадства без прысутнасці жывёлаў. Некаторыя з іх выкарыстоўваюцца для харчавання, каб забяспечыць арганізм чалавека патрэбнымі карыснымі элементамі, некаторыя прыдатныя для вытворчасці вопраткі, а іншыя проста радуюць сэрца. Я асабіста вельмі люблю жывёлаў, таму што з дзяцінства рос у сельскім асяроддзі. Аднак як святар і проста вернік дакладна разумею тое месца, якое займаюць жывёлы ў свеце чалавека, і тыя межы, што для іх існуюць.

Асноўная цяжкасць пастаўленага пытання ляжыць у духоўнай сферы. Як нам ставіцца да смерці жывёлы? Ці можна за іх маліцца? Што з іх месцам пахавання?

Не дзіва, што гаспадары прывязваюцца да жывёлаў, а жывёлы да гаспадароў. І разлука з хатнімі гадаванцамі, ды і проста з сельскагаспадарчай жывёлай можа быць прычынай суму і болю. Смерць, прыйшоўшы ў гэты свет праз віну чалавека, закранула, на жаль, і прыроду. Аднак мы павінны сабе ясна сказаць, што ніводная жывёла не мае такой душы, як чалавек. Толькі чалавек створаны на Божы вобраз і Божае падабенства. Таму мы не можам маліцца за жывёлаў, як за чалавека. Жывёла не з’яўляецца асобай, а чалавек з’яўляецца.

Безумоўна, хрысціянская традыцыя ведае малітвы, у якіх успамінаюцца прырода і жывёльны свет, але яны, як правіла, маюць свой асаблівы кантэкст, напрыклад, з нагоды сельскагаспадарчых прац, захавання ўраджаю і гаспадаркі, бласлаўлення працы ў полі і г.д… Хрысціянін не павінен маліцца за памерлую жывёлу так, як мы молімся за памерлых людзей. Такая малітва бессэнсоўная і непатрэбная. Што датычыцца месцаў пахавання жывёлаў, то тут трэба кіравацца свецкімі нормамі і законамі. Калі спантанныя жывёльныя могілкі забароненыя свецкім правам, то трэба пазбягаць такім чынам хаваць сваіх гадаванцаў.

Ці можна ставіць нейкія помнікі ці памятныя знакі? А чаму не? Калі такое пахаванне не парушае свецкіх нормаў, дазволенае законам, то любы ўладальнік можа нейкім чынам адзначыць тое месца, дзе пахаваны яго любімец. З адной важнай заўвагай. На такіх знаках і помніках не павінна быць ніякіх хрысціянскіх сімвалаў. Хрысціянскія сімвалы дарэчы толькі там, дзе гаворка ідзе пра хрысціянаў – тых, хто ахрышчаны ў імя Святой Тройцы і спадзяецца на збаўленне ў Хрысце Езусе.

для друку для друку