Ці можна хадзіць да споведзі, жывучы без вянчання?

show_pic“Хвала Хрысту! Я каталічка, а муж праваслаўны. Доўгі час мы жывём разам, але без шлюбу. Ці магу я хадзіць да споведзі і прымаць Камунію?”

Алена

На пытанне адказвае кс. Віктар Місевіч, афіцыял Біскупскага Суда Віцебскай дыяцэзіі:

– Катэхізіс Каталіцкага Касцёла навучае, што, каб прыняць святую Камунію, неабходна быць цалкам далучаным да Каталіцкага Касцёла і быць у стане ласкі, гэта значыць, не мець на сумленні смяротнага граху (Кампендый ККК 291).

Як бачна з пытання, муж і жонка жывуць у свабодным саюзе, не атрымаўшы бласлаўлення Касцёла на сужэнскае жыццё. Іншымі словамі, яны пастаянна жывуць у граху чужалоства, а значыць, не могуць прыступаць да святой Камуніі.

Каб дзейсна і годна перажыць сакрамант споведзі, мы ведаем, што неабходна пастанавіць сабе выправіцца з грахоў (Кампендый ККК 303). У выпадку гэтых людзей такая пастанова немагчымая, таму што яны жывуць разам. Прыступаць да споведзі ў дадзенай сітуацыі нельга. Святар не зможа адпусціць грахоў.

Якое можа быць выйсце ў дадзенай сітуацыі?

Каб мець магчымасць прыступаць да споведзі і прымаць святую Камунію, трэба павянчацца. Для гэтага неабходна звярнуцца ў парафіяльную канцылярыю і паведаміць пра сваю сітуацыю святару.

для друку для друку