Ці можна апладзіраваць у касцёле?

“Падчас касцельных святаў, асабліва, калі ў іх прымаюць удзел важныя персоны, бывае, што гучаць апладысменты. Людзі пляскаюць і біскупам, і святарам. Ці адпавядае гэта сакральнаму характару святыні? Ці можна апладзіраваць у касцёле?”

Вераніка

На пытанне адказвае кс. Уладзімір Русак, выкладчык Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Пінску:

– Падчас цэлебрацыі літургіі не толькі словы маюць значэнне. Кожны літургічны знак, пастава, жэст і чын павінны весці чалавека да засяроджанасці, каб чалавек мог без перашкод сустрэцца ў літургіі з Богам, дзеля чаго і прыходзіць у святыню.

Сярод літургічных знакаў, якія ўжываюцца ў Рымскай літургіі, касцельнае заканадаўства не ўзгадвае апладысментаў. Вельмі выразна на гэту тэму выказаўся Бэнэдыкт XVI у сваёй кнізе “Дух літургіі”, будучы яшчэ кардыналам: “Калі падчас літургіі апладзіруюць чалавечым дасягненням, гэта заўсёды відавочная прыкмета, што сутнасць літургіі цалкам траціцца і яна замяняецца своеасаблівай рэлігійнай забавай”.

для друку для друку