Ці можа католік удзельнічаць у палітычным жыцці краіны?

1“Ці можна католікам уваходзіць у якую-небудзь палітычную партыю і насіць нейкія знакі прыналежнасці да яе?” Ірына

На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель CSsR:

– “Дактрынальная нота” адносна некаторых пытанняў удзелу каталікоў у палітычным жыцці, выдадзеная Кангрэгацыяй веравучэння ў 2002 годзе, звяртае ўвагу на тое, што “ўдзел хрысціянаў у жыцці свету за дзве тысячы гадоў набыў розныя формы. Адной з іх з’яўляецца ўдзел у палітычнай дзейнасці”. Св. Ян Павел ІІ у апостальскім звароце “Christifideles laici” сцвярджае: “Вернікі-свецкія не могуць зусім адмовіцца ад удзелу ў “палітыцы”, гэта значыць у рознага кшталту эканамічнай, сацыяльнай, заканадаўчай, адміністрацыйнай і культурнай дзейнасці, арганічна і інстытуцыйна прызначанай спрыяць агульнаму дабру”. Разам з тым “Дактрынальная нота” нагадвае ўмовы ўдзелу верніка ў палітычным жыцці: “Хрысціянскае сумленне не дазваляе чалавеку галасаваць за прыняцце палітычнай праграмы або законапраекту, якія альтэрнатыўнымі прапановамі падрываюць фундаментальныя аспекты веравучэння і маральнасці або супярэчаць ім. Хрысціянская вера ўяўляе сабой непарыўнае адзінства, і, такім чынам, нелагічна аддзяляць ад яе які-небудзь элемент ва ўрон усяму каталіцкаму веравучэнню. Прыхільнасць палітыкаў да пэўнага аспекту сацыяльнага вучэння Касцёла не здымае адказнасці верніка перад агульным дабром. Католік не можа думаць аб тым, каб перакласці хрысціянскую адказнасць на іншых, бо менавіта на яго Евангелле Езуса Хрыста накладае задачу абвяшчаць і ператвараць у жыццё праўду пра чалавека і свет. Калі палітыка накіравана супраць маральных прынцыпаў, якія не дапускаюць парушэнняў, выключэнняў і кампрамісаў, удзел у ёй каталікоў павінен быць больш яўным і адказным. Хрысціяне перад тварам фундаментальных і неад’емных патрабаванняў этыкі павінны прызнаць, што на карту пастаўлена само існаванне маральнага закона, звязанага з усеагульным дабром чалавечай асобы”.

30 красавіка 2015 г. на сустрэчы з прадстаўнікамі “Абшчыны хрысціянскага жыцця” і “Студэнцкай місіянерскай лігі” Папа Францішак таксама закрануў тэму ўдзелу вернікаў у палітычным жыцці. “Можа католік займацца палітыкай? Не толькі можа, але і павінен. Можа католік умешвацца ў палітыку? Павінен!”, – сказаў Папа. Пантыфік таксама падкрэсліў, што ўдзел у палітыцы – гэта свайго кшталту мучаніцтва, бо патрабуе штодзённай вернасці ідэалу агульнага дабра i нясення цяжкага крыжа, звязанага з паразамі і грахамі. “Складана рабіць дабро сярод грамадства і не запэцкаць рукі ці сэрца: таму ідзі, каб папрасіць прабачэння, прасі прабачэння і працягвай працаваць”, – заклікаў Пантыфік.

Як бачым, удзел католіка ў дзейнасці палітычнай партыі не толькі дапускаецца, але і заахвочваецца, пры ўмове, што дадзеная палітычная сіла ў сваёй дзейнасці ставіць мэты, якія не супярэчаць маральнаму вучэнню Каталіцкага Касцёла і накіраваныя на пабудову справядлівага грамадства ў адпаведнасці з каталіцкім сацыяльным вучэннем. Нашэнне ж знакаў прыналежнасці да палітычнай партыі – гэта асабістая справа кожнага чалавека, калі гэтыя знакі не дэманструюць антыхрысціянскія погляды.

для друку для друку