Цi можа дзяўчына ў пытаннi ўзаемаадносін першая зрабiць крок?

devushka-predlozenije“Цi можа дзяўчына ў пытаннi ўзаемаадносiн першая зрабiць крок?” Вераніка

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD:

– Бог, Які стварыў чалавека паводле свайго вобразу і падабенства, надзяліў нас здольнасцю да любові ва ўсіх яе вымярэннях. Паколькі мы верым, што чалавечая любоў – гэта дар Бога, то павінны сваю будучыню, звязаную з выбарам жыццёвай дарогі, а таксама справу сужэнства даверыць Пану Богу. Касцёл часта заклікае вернікаў маліцца пра пакліканні да святарства, манаскага жыцця, аднак не забывае вучыць як моладзь, так і людзей сталага ўзросту пра важнасць і плённасць малітвы аб добрым мужу і жонцы.

Адказваючы на пастаўленае пытанне, асаблівым чынам хачу акцэнтаваць увагу менавіта на моцы малітвы будучых сужэнцаў за сябе ўзаемна. На малітве Бог адкрывае чалавеку сваю волю, дае адказы на розныя важныя пытанні і дапамагае развеяць сумневы ды вырашыць па-чалавечы складанае, а нават невырашальнае. Найважнейшы першы крок – гэта малітва…

У нашым культурным асяроддзі прынята, што менавіта хлопец робіць прапанову дзяўчыне выйсці замуж. Пры гэтым уручае сваёй каханай заручальны пярсцёнак. Гэты чароўны і рамантычны чын, часта здзейснены арыгінальна, у залежнасці ад фантазіі хлопца, належыць да вельмі важных і адказных крокаў да сужэнскага жыцця. Бо з моманту заручынаў маладыя людзі становяцца нарачонымі. Каханне нарачоных патрабуе перадусім сталасці. Папа Францішак у адной са сваіх катэхезаў сказаў, што нарачоныя пакліканы да сур’ёзнай, накіраванай да глыбіні, сумеснай і ангажаванай працы над любоўю[1]. Ва ўзгаданым тэксце Святы Айцец тлумачыць, што ў гэтым часе нарачоныя паступова адкрываюць сябе адно аднаму: мужчына “вучыцца” жанчыне, пазнаючы гэтую канкрэтную жанчыну – сваю нарачоную, а жанчына ў сваю чаргу “вучыцца” мужчыну, пазнаючы гэтага канкрэтнага мужчыну, свайго нарачонага[2].

Чын прапановы выйсці замуж патрабуе ад хлопца адпаведнага ўзроўню сталасці, а таксама рашучасці і мужнасці. Паколькі двое маладых ужо нейкі час сустракаюцца разам і ўзрастаюць у любові, то ўзнікае пытанне пра ролю дзяўчыны ў гэтым чыне. У сучасным свеце назіраюцца сацыяльна-культурныя і антрапалагічныя змены, якія кранаюць таксама фундаментальныя каштоўнасці, у тым ліку сутнасць чалавечай асобы. Небяспечным трэба лічыць усялякія імкненні змяніць натуральныя элементы сутнасці і тоеснасці чалавека. Бог стварыў чалавека як мужчыну і жанчыну, учыніў іх роўнымі ў годнасці, але і рознымі, надзяляючы іх уласцівымі здольнасцямі і заданнямі. У сувязі з гэтым трэба шанаваць здаровую хрысціянскую і нацыянальную традыцыю, якая менавіта хлопцу прызначае права і заданне зрабіць дзяўчыне прапанову. Гэта не азначае, што дзяўчына не мае магчымасці прычыніцца ці дапамагчы хлопцу ў прыняцці рашэння. Існуе шэраг спосабаў, якімі валодае дзяўчына ў гэтай справе. Сур’ёзныя адносіны паміж закаханымі павінны заўсёды будавацца на праўдзе, у духу шчырага дыялогу, з захаваннем павагі і асабовай годнасці.

У адносінах закаханых важную ролю адыгрываюць давер, адкрытасць і шчырасць. Без гэтых якасцей няма праўдзівага кахання, і ўсялякія сувязі пры іх адсутнасці раней ці пазней парвуцца. Неад’емнай часткай адносінаў паміж закаханымі ёсць гатоўнасць да ахвяры дзеля каханай або каханага і да поўнага даравання самога сябе ў любові. Існуючы разам, маладыя людзі не толькі бліжэй пазнаюць сябе, захапляюцца сабою, але і моляцца: “Божа, ці яна (ці ён) сапраўды прызначаная мне Табою?”. У гэтым кантэксце дзяўчына мае поўнае права размаўляць з хлопцам і пытацца пра яго намеры адносна яе. Вельмі важна таксама памятаць пра псіхалагічныя адрозненні паміж жанчынай і мужчынам: некаторыя знакі ці сугестыі могуць быць незаўважанымі або незразумелымі мужчынамі: ён не заўсёды дадумаецца, таму пра важнае лепш сказаць выразна і канкрэтна.

Варта яшчэ нагадаць пра важнасць чыстага сэрца ва ўзаемаадносінах. Святы Ян Павел ІІ, звяртаючыся да маладых людзей, сказаў: “Толькі чыстае сэрца можа ўпоўні любіць Бога! Толькі чыстае сэрца можа ўпоўні здзейсніць вялікую справу любові, якой з’яўляецца сужэнства! Толькі чыстае сэрца можа ўпоўні служыць бліжняму. Не дазвольце, каб была знішчана ваша будучыня. Не дазвольце адабраць у сябе багацце любові. Абараняйце вашу вернасць, вернасць вашых будучых сем’яў, якія створыце ў любові Хрыста”[3].

Ва ўзаемаадносінах паміж закаханымі патрэбна чыстае сэрца і належнае ўспрыманне іншай асобы. Ніхто не мае права інструменталізаваць бліжняга і ніхто не можа пагадзіцца стаць інструментам у руках іншага. Каханне – гэта вельмі сур’ёзнае заданне, яго нельга замяніць проста захапленнем іншым чалавекам. Дзеля добрай падрыхтоўкі да сужэнства варта маліцца аб добрым мужу (жонцы) рознымі малітвамі, а таксама карыстацца ведамі і вопытам сваіх бацькоў (таксама бабулі і дзядулі), знаёмых ды раіцца з імі. Дапамагчы могуць святары і сёстры – не толькі размовай ці парадай, але і малітвай.

[1] Пар.: Францішак, Генеральная аўдыенцыя. – Ватыкан, 27.05.2015, http://w2.vatican.va/content/francesco/en/audiences/2015/documents/papa-francesco_20150527_udienza-generale.html

[2] Пар.: тамсама.

[3] Св. Ян Павел ІІ, Сустрэчча з моладдзю. – Парагвай, 18.05.1988, http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/speeches/1988/may/documents/hf_jp-ii_spe_19880518_giovani-asuncion.html

для друку для друку