Ці могуць асобы з абмежаванымі магчымасцямі прымаць Святую Камунію?

kamunija“Цi могуць псiхiчнахворыя, хворыя на ДЦП, асобы з абмежаванымі магчымасцямі прымаць Камунiю? Як iм быць, калi некаторыя нават не могуць паспавядацца праз сваю хваробу?” Алена

На пытанне адказвае кс. Кірыл Бардонаў:

– Звернемся да Кананічнага права, каб адказаць на Вашае пытанне. Распарадчыкі сакрамантаў (тыя, хто іх удзяляе) не могуць не ўдзяліць іх тым, хто сам належна аб гэтым папросіць, адпаведна да гэтага падрыхтаваны (мае належную дыспазіцыю) і каму права гэтага не забараняе (кан. 843 § 1 Кодэкс Кананічнага Права 1983 г.).

У кананічным праве Рыма-Каталіцкага Касцёла такія людзі, якія ў цэлым не здольныя да разумнага меркавання, зроўненыя з дзецьмі да сямі гадоў і не нясуць за сябе адказнасці (кан. 99). Названыя Вамі станы асобы з абмежаваннямі могуць толькі тады быць перашкодай да прыняцця Камуніі, калі такая асоба няздольная зразумець розніцы паміж звычайным хлебам і эўхарыстычным.

Гэта той мінімум, які патрабуецца ад дзяцей і зроўненых з імі асоб, што знаходзяцца ў небяспецы смерці (кан. 913 § 2). Само па сабе фізічнае абмежаванне не з’яўляцца перашкодай да прыняцця Камуніі.

У звычайным выпадку (адсутнічае небяспека смерці) дзеці і зроўненыя з імі павінны мець “дастатковае распазнаванне і старанную падрыхтоўку, каб яны адпаведна са сваімі здольнасцямі разумелі таямніцу Хрыста і маглі з вераю і глыбокай пабожнасцю прыняць Цела Хрыста” (кан. 913 § 1). Кожную сітуацыю трэба ацэньваць асобна, паколькі існуюць розныя ступені псіхічнай абмежаванасці і розныя яе этапы.

Прыняцце сакраманту – гэта дзеянне Хрыста і чалавека. Не кожны чалавек здольны да такога дзеяння. Сакрамантальная ласка не прыносіць у нашым жыцці аўтаматычных эфектаў без нашага супрацоўніцтва з ёй. Для ахрышчаных, няздольных прыняць іншыя сакраманты, Бог падрыхтаваў іншую дарогу да збаўлення.

Памятайма, што, напрыклад, той, хто цалкам няздольны да свядомага чыну, не можа ўчыніць грэх.

для друку для друку