Ці магчыма павянчацца ў Касцёле з праваслаўным?

immagine_matrimonio-960x435“Хвала Хрысту! Я сустракаюся з маладым чалавекам. Ён праваслаўны. Не ведаю, як быць, калі пачнуцца размовы пра вянчанне. Ведаю, што з пункту погляду праваслаўя, каталікі — ерэтыкі. Мы не можам атрымаць шлюб у Касцёле? А калі давядзецца вянчацца ў праваслаўнай Царкве, то і дзяцей трэба выхоўваць у праваслаўнай традыцыі. Я супраць гэтага. Як паступіць у такой сітуацыі?”

Марыя

На пытанне адказвае кс. Валерый Марціноўскі:

– Пры адказе на гэтае пытанне скарыстаемся сінадальнай душпастырскай дапамогай для нарачоных «Божае бачанне сужэнства і сям’і». Тут ёсць цэлы раздзел, прысвечаны змешаным сужэнствам. І там чытаем наступнае:

«Каталіцкі Касцёл не раіць вернікам ствараць змешаныя сужэнствы. На жаль, заключэнне такіх сужэнстваў вядзе да падзелу сям’і, да абыякавасці адносна Касцёла і веры, не развівае гармоніі сужэнскага жыцця, што прыводзіць да распаду сужэнства як сям’і. Як паказвае практыка, рэлігійнае жыццё ў мяшаных сужэнствах надзвычай слабае альбо ўвогуле адсутнічае. Вынікам гэтага з’яўляецца тое, што дзяцей, народжаных у такім сужэнстве, цяжка выхоўваць у веры каталіцкага Касцёла, і ў працэсе выхавання дзяцей узнікаюць шматлікія небяспечныя сямейныя канфлікты. Касцёл, беручы пад увагу дабро Божага люду, дабро будучых пакаленняў, натуральнае права ў заключэнні сужэнства і нараджэнні патомства, навуку св. Паўла-апостала пра абавязак клапаціцца, абараняць і захоўваць чысціню веры (пар. Гал. 1,9; Ціт 3,10), паставіў пэўныя юрыдычныя патрабаванні, пасля выканання якіх дазваляе змешанае сужэнства.

Для заключэння змешаных сужэнстваў патрэбны дазвол адпаведных уладаў Касцёла – мясцовага ардынарыя, які пры наяўнасці слушнай і разумнай прычыны можа выдаць дазвол пры ўмове, што будуць выкананы наступныя патрабаванні (кан.1125):

— каталіцкі бок павінен абвясціць, што гатовы адкінуць ад сябе небяспеку страты веры, а таксама даць шчырае абяцанне, што зробіць усё магчымае, каб усе дзеці былі ахрышчаны і выхаваны ў каталіцкім Касцёле;

— другі бок павінен быць праінфармаваны ў адпаведны час аб дадзеных абяцаннях каталіцкага боку так, каб сапраўды быў ўсвядомлены змест гэтых абяцанняў і абавязкі каталіцкага боку;

— абодва бакі павінны быць азнаёмлены з мэтамі і істотнымі рысамі сужэнства, якіх не можа выключыць ніводзін з бакоў.

 Сведчанні і гарантыі нарачоных прымаюцца ў канцы падрыхтоўкі да сакраманту Сужэнства. Гэты дакумент падпісвае пробашч, пацвярджае яго пячаткай і разам з заяваю, напісанаю ад імя нарачоных, прадстаўляе мясцоваму біскупу, каб атрымаць дазвол на блаславенне гэтага сужэнства.

У выпадку, калі нарачоны (нарачоная) некаталіцкай веры выразна паказвае, што будзе перашкаджаць і не дазволіць выканаць абавязкі нарачонаму (нарачонай) каталіцкай веры, пробашч павінен дакладна выясніць гэтую сітуацыю і высветліць прычыны такой пазіцыі некаталіка (некаталічкі). Потым пробашч павінен яшчэ раз падрабязна растлумачыць сэнс сакрамантальнага сужэнства, яго асновы і заданні як «Хатняга Касцёла», ужываючы той аргумент, што хрысціянская сям’я пазбягае канфліктаў. Калі некаталіцкі бок не падпарадкуецца гэтым аргументам, справу неабходна перадаць біскупу-ардынарыю. Можна таксама звярнуцца ў Кангрэгацыю Сакрамантаў. І тады толькі ардынарый (ці Кангрэгацыя Сакрамантаў) дасць адказ: бласлаўляць ці ўстрымацца ад бласлаўлення гэтых нарачоных.

Як бачым, нават калі каталіцкі бок атрымлівае ад мясцовага ардынарыя дыспенсу ад кананічнай формы заключэння сужэнства (г.зн., шлюб можна будзе ўзяць у праваслаўнай царкве), то застаюцца вышэйпададзеныя патрабаванні адносна змешанага сужэнства. Таму фактычна немагчыма спачатку ў прысутнасці каталіцкага святара абяцаць выхаванне дзіцяці ў каталіцкай веры, а пазней, у прысутнасці праваслаўнага святара, абяцаць выхаваць дзіця ў праваслаўнай веры.

Дарагая сястра! Падсумоўваючы, хачу заахвоціць цябе, з аднаго боку, лепш пазнаць свайго будучага мужа (можа так стацца, што пры спакойным, разумным і поўным любові дыялогу ўсе супярэчнасці ў гэтым пытанні знікнуць), а з другога боку, абяцаю табе малітву і прашу, каб малілася сама аб ласцы Духа Святога і ніколі не згадзілася на сумеснае жыццё без сакрамантальнага бласлаўлення. Можа, шлях пошуку кампрамісу і няпросты, бо патрабуе трывалай малітвы і змагання за праўду, але калі між вамі сапраўдная любоў, то адказ на гэтую праблему будзе Божым, які ніколі вас не раздзеліць, а, наадварот, прынясе супакой і радасць жыцця згоднага з сумленнем.

для друку для друку