Ці кажа Біблія пра рэінкарнацыю?

reinkarnaciajУ апошнія часы, асабліва з боку моладзі, відавочна адбываецца захапленне рэлігійна-філасофскімі ідэямі, якія маюць сваё паходжанне на Усходзе. Іх неад’емнай часткай з’яўляецца вера ў перасяленне душаў – рэінкарнацыю – нібыта бессмяротная душа чалавека, пасля аддзялення ад цела (смерці) перасяляецца ў цела іншага чалавека ці жывёлы.

Сёння вера ў рэінкарнацыю ўласціва ўсходнім рэлігіям, у першую чаргу індуізму і будызму, некаторым сучасным паганскім традыцыям, руху нью-эйдж, прымаецца прыхільнікамі спірытызма, некаторымі афрыканскімі традыцыямі, аматарамі эзатэрычных філасофій. Акрамя таго, прадстаўленне аб перасяленні душаў шырока распаўсюджана ў форме асабістага светаўяўлення.

Яшчэ з ХІХ ст. стала папулярным меркаванне, што ідэю аб перасяленні душаў прызнавала хрысціянства ў першыя стагодзі свайго існавання, а менавіта да Сабора Канстантынопальскай Царквы ў 553 г. Нібыта на самой справе навучанне аб рэінкарнацыі прысутнічала ў пропаведзі Езуса Хрыста, але было схавана “несумленнымі папулярызатарамі”. Каб, падцвердзіць гэта прыхільнікі ідэі аб перасяленні душаў па-своййму інтэрпрытуюць Святое Пісанне.

Паводле даследчыкаў, імкненне знайсці веру ў перасяленне душаў у хрысціянстве, выгодна прыхільнікам тэасофскай тэорыі. Так яны змогуць падцвердзіць існаванне агульнага ядра ва ўсіх рэлігіях. У сваю чаргу, прынцыповыя адметнасці паміж рэлігіямі ставяць тэосафаў у цяжкую сітуацыю. Так ці сапраўды Біблія кажа пра рэінкарнацыю? Аб гэтым мы пагаворым у нашай сённяшняй праграме.

Па-першае варта адзначыць, што тэрмін “рэінкарнацыя” ці навучанне аб перасяленні душаў не знаходзяць месца ў Бібліі. Але ў Новым Запавеце ёсць некальмі фрагментаў, якія прыхільнікі тэорыі аб перасяленні душаў традыцыйна ўказваюць у якасці спасылак на рэйнкарнацыю. Усе яны, канешне, маюць старажытнае і традыцыйнае хрысціянскае тлумачэнне, не патрабуючае канцэпцыі рэінкарнацыі.

Напрыклад, прыхільнікі тэорыі аб перасяленні душаў лічаць св. Яна Хрысціцеля рэінкарнацыяй прарока Ільі. Звяртаецца ўвага на тое, што паводле яўрэйскіх чаканняў, перад надыходам Месіі павінен быў з’явіцца прарок Ілья: “Вось я пашлю вам Ілью прарока перад наступленнем дня Пана, вялікага і страшнага”.

Паводле тэосафаў, у апавяданнях пра св. Яна Хрысціцеля гаворка ідзе менавіта пра рэйнкарнацыю. Аднак на старонках Бібліі сам св. Ян кажа аб тым, што ён не Ілья і не прарок. Тэосафы, аднак, тлумачаць гэта сціпласцю святога ці проста тым, што ён не помніў сваіх папярэдніх пераўтварэнняў.

Хрысціянскія апалагеты, у сваю чаргу, тлумачаць, што аб рэйнкарнацыі ў дадзеным выпадку не можа быць і гаворкі, бо паводле біблейскага апавядання Ілья не памёр і яго душа не магла растацца з целам і перасяліцца ў іншага чалавека.
Паводле прароцтва, Ілья, павінен прыйсці напярэдадні надыходу Месіі, каб папярэдзіць аб наступленні апошніх дзён. У св. Яна і прарока Ільі была адна функцыя – указаць людзям сапраўднага Месію. Іх аб’ядноўвае асоба Хрыста і тое служэнне, якое яны выканалі, але не асоба.

Іншым біблійным фрагментам, які падвяргаюць сваёй інтэрпрытацыі прыхільнікі рэйнкарнацыі з’яўляецца гісторыя пра хлопца, які быў ад нараджэння сляпым. Вучні пыталі Хрыста: “Раббі! Хто саграшыў, ён ці бацькі яго, што ён нарадзіўся сляпым?” (Ян 9,2).

Паводле прыхільнікаў рэінкарнацыі, сама пастаноўка такога пытання, прадугледжвае веру ў перасяленне душаў і распаўсюджанае меркаванне аб пакаранні дзяцей за грахі бацькоў. Нават славуты пратэстанскі дзеяч Жан Кальвін, які хоць і адмаўляў веру ў рэінкарнацыю, думаў, што тут гаворка ідзе менавіта аб ёй. Паводле тэосафаў, вучні Хрыста былі ўпэўнены ў тым, што да свайго нараджэння, сляпы жыў у іншым целе. У адваротным выпадку, як чалавек, сляпы ад нараджэння, мог быць пакараны сляпатой за нібыта ўчынены ім грэх?

У сваю чаргу праціўнікі рэінкарнацыі адзначаюць, што нават калі людзі, якія пыталіся Хрыста верылі ў рэінкарнацыю, то гэта не азначае, што ў яе верыў Хрыстус. Больш за тое, зусім не абавязкова, што тыя, хто пытаўся верылі ў перасяленне душаў. Калі, паводле навучання аб рэінкарнацыі нараджэнне сляпым, з’яўляецца пакараннем за грахі мінулага жыцця, то частка пытання пра грахі бацькоў была б абсалютна непатрэбнай, да і само пытанне – таксама лішнім. У адказ на гэта пытанне Хрыстус сказаў, што прычынай яго хваробы з’яўляюцца не грахі. Ён быў народжаны, каб Езус мог аздаравіць Яго і гэтым “памножыць хвалу Пана”.

Гэта толькі некаторыя прыклады спробы інтэрпрытацыі Бібліі ў адпаведнасці з ідэяй аб існаванні інтэрыпрытацыі. Аднак Біблійнае навучанне мае лагічнае адзінства, паслядоўнасць і тэалагічную закончанасць. Яно не пакідае месца для ідэі аб рэінкарнацыі. Думка аб тым, што на зямлі чалавек мае адно жыццё выражана ў кнізе Эклезіяста: “І вернецца пыл у зямлю, чым ён і быў; а дух вернецца да Бога, які даў яго”.

Сам апостал Павел ў пасланні да яўрэяў пісаў: “І як людзям наканавана аднойчы памерці, а потым суд, так і Хрыстус, аднойчы прынесшы сябе ў ахвяру, каб адкупіць грахі многіх, у другі раз прыйдзе не для ачышчэння граху, але для чакаючых Яго для збаўлення”.

Гэтыя словы Апостала Народаў не пакідаюць месца тэорыі аб шматлікіх перараджэннях, бо гучаць вельмі ясна і канкрэтна. Тут смерць чалавека параўноўваецца з адзінай, а не шматразовай смерцю Хрыста, прычым аднаразовасць смерці Хрысты, асабліва падкрэсліваецца.

Напрыканцы варта адзначыць, што крытыка навучанне аб перасяленні душаў шырока прадстаўлена ў працах шматлікіх раннехрысціянскіх аўтараў.

 Аляксандр Панчанка, Ватыканскае Радыё

для друку для друку