Ці грэх перайсці ў праваслаўе?

perehod“Хвала Христу! Скажите, как относится Католическая Церковь к переходу в православие при венчании в православной церкви, если муж – православный, а жена – католичка? Будет ли это грехом против веры? Заранее спасибо за ответ”.

Татьяна

На пытанне адказвае кс. Віктар Місевіч, член Калегіі Суддзяў Біскупскага суда Віцебскай дыяцэзіі:

– Паважаная Таццяна! Вера, якую мы атрымліваем ад сваіх бацькоў, з’яўляецца скарбам, каторы трэба берагчы. Гэты скарб нам неабходны для збаўлення. Таму Касцёл заахвочвае сваіх вернікаў развіваць веру і паглыбляць яе. У Вашым пытанні заключаны і адказ. Так, сапраўды, пераход у іншую канфесію будзе лічыцца грахом. Чалавек, які пакідае Каталіцкі Касцёл, нясе за гэта адказнасць не толькі маральную, але і юрыдычную.

Згодна з кан. 751 Кодэкса кананічнага права, схізмай з’яўляецца адмова прызнання верхавенства Біскупа Рыма альбо адмова супольнага кантактавання з членамі Касцёла, якія прызнаюць гэтае верхавенства. Агульнавядома, што праваслаўныя вернікі і духавенства не прызнаюць Рымскага Папу кіраўніком Паўсюднага Касцёла і яму не падпарадкоўваюцца. Таму чалавек, які пакідае Каталіцкі Касцёл і пераходзіць у праваслаўе ці іншую хрысціянскую канфесію, становіцца, з гледзішча кананічнага права, схізматыкам.

Згодна з кан. 1364 §1, схізма з’яўляецца не толькі грахом, але і касцельным злачынствам, за якое прадугледжана адпаведнае пакаранне: адступнік ад веры, ерэтык альбо схізматык падлягае экскамуніцы latae sententiae. Што гэта абазначае?

Экскамуніка – гэта адлучэнне ад Касцёла. Словазлучэнне latae sententiae абазначае, што пакаранне за ўчыненае злачынства надыходзіць аўтаматычна без суда і вынясення прысуду.

Адлучанай ад Касцёла асобе, згодна з кан. 1331 §1, забараняецца:

  1. любое паслугаванне пры адпраўленні Эўхарыстычнай Ахвяры і іншых абрадаў культу;
  2. удзяляць або прымаць сакраманты;
  3. займаць касцельныя пасады і выконваць любыя паслугі ў Касцёле.

Варта таксама працытаваць кан. 1184 §1, які пастанаўляе: Калі перад смерцю пералічаныя ніжэй асобы не выкажуць якіх-небудзь прыкмет пакаяння, то касцельнага пахавання павінны быць пазбаўленыя вядомыя адступнікі, ерэтыкі і схізматыкі.

Як бачна з працытаваных вышэй канонаў Кодэкса кананічнага права, Касцёл вельмі рупліва і раўніва ставіцца да пытання захавання веры.

Што можна было б параіць маладым людзям, якія хочуць стварыць сям’ю, але належаць да розных канфесій? Варта падумаць над тым, каб павянчацца ў Касцёле, застаючыся кожны пры сваім веравызнанні. У Каталіцкім Касцёле гэта магчыма. Дастаткова толькі звярнуцца ў сваю парафію і паведаміць пра гэта пробашчу. Усе фармальнасці з такім вянчаннем бярэ на сябе святар, які рыхтуе маладую пару да сакраманту сужэнства.

Падсумоўваючы, хацелася б дадаць, што сумеснае жыццё маладым людзям не варта пачынаць з канфліктаў і жыццёвых выбараў, якія пазней будуць непакоіць сумленне і прыўносіць разлад у адносіны. Варта ўступаць адно аднаму, узаемна шануючы веру і традыцыі кожнага.

для друку для друку