Ці думалі Вы стаць святаром або манахіняй?

Духоўныя асобы з’яўляюцца прыкметай Бога ў розных сферах жыцця. Праз іх людзі чуюць голас Хрыста. Кожная духоўна асоба – дар для супольнасці Касцёла. А ці думалі чытачы “Каталіцкага Весніка” стаць святаром або манахіняй?

Wolga MoncikВольга Монцік:

– Калі ў дзіцячым садку ў мяне пыталіся, кім я хачу стаць, то я адказвала, што хачу быць манахіняй. Мне падабалася жыццё сясцёр, калі я хадзіла да іх на катэхезу. Яны жывуць акуратна, у чысціні. Заўсёды мелі шмат прысмакаў на кухні. Тады я была 5-6 гадовай дзяўчынкай і думала, што гэта вельмі “крута”, мне таксама так хацелася. Але ў старэйшым узросце, калі пачала ездзіць на рэкалекцыі і размаўляла з сёстрамі, то зразумела і ўбачыла, што манаскае жыццё не такое лёгкае. Гэта штодзённыя выпрабаванні і праца над сабой. Калі казаць шчыра, то не адчувала моцнага паклікання. Можа, толькі часам хацелася збегчы ад праблем і складанай будучыні і пайсці ў манастыр. Але, на мой погляд, калі штосьці робіш – рабі гэта добра, а не абы-як. Так і з пакліканнем. На сённяшні дзень адчуваю пакліканне да сямейнага жыцця. Бог дае чалавеку шчасце ў любым пакліканні.

Валерый Доўгань:Waleryj Dougan

– Я думаю, што кожнага верніка наведваюць такія думкі. Я ў Касцёл прыйшоў ужо будучы жанатым. Думкі так і засталіся думкамі. Але пакліканне жанатага чалавека пачынаецца з таго моманту, калі адбываецца шлюб у касцёле. Вельмі важна маліцца аб пакліканні для сваіх дзяцей і ў свой час дапамагчы ім пачуць Божы провід.

Tanana AlaksandrАляксандр Танана:

– Я з’яўляюся міністрантам ужо 13 гадоў. Ці думаў я стаць святаром?

Думаў, і не аднойчы. Але кожны раз прыпамінаў сабе словы майго сябра, які зараз вучыцца на святара. Ён казаў, каб я вельмі добра падумаў, бо гэта складаны шлях. Стаць святаром – значыць адмовіцца ад таго, што мяне зараз цікавіць, чым я займаюся. Трэба цалкам прысвяціць сваё жыццё Богу. Для мяне гэта будзе складана. Некаторыя кажуць, што можна паспрабаваць. Аднак навошта спрабаваць, калі не адчуваеш у сэрцы сапраўднага паклікання?

Святлана Боркіна:Swiatlana Borkina

У тым узросце, калі пачынаюць задумвацца аб пакліканні, я не хацела быць манахіняй. Увогуле мала на гэта звяртала ўвагу. Быў перыяд СССР і перабудовы. Сур’ёзна цікавіцца верай я пачала дзесьці пасля 30 гадоў. З сённяшнім розумам усё магчыма – я б магла захацець стаць манахіняй. Мне вельмі сімпатычныя такія асобы, як св. сястра Фаўстына, св. айцец Піа, св. Ян Боска, св. Максімільян Кольбэ, св. Ян Марыа Віянэй, св. Тэрэза. Асабліва захапляюся іх мужнасцю, верай і жыццём.

Ajcec Alaksandr Mahnacz Айцец Аляксандр Махнач, ордэн піяраў:

– Прагненне стаць законнікам-святаром я распазнаў яшчэ ў 9-м класе школы. Спачатку хацеў быць настаўнікам і вучыць дзяцей, але пачаў заўважаць, што мяне ўсё неяк болей «цягне» ў касцёл, на святую Імшу і набажэнствы. Было неймавернае прагненне быць з Езусам.

Але ж я хацеў быць настаўнікам! Што рабіць? Я шмат маліўся, каб Бог даў мне магчымасць ясна распазнаць сваё пакліканне. Удзельнічаючы летам у «канікулах з Богам», якія арганізоўвалі айцы-піяры, я заўважыў штосьці вельмі важнае для мяне ў распазнанні паклікання. Святары і піярскія семінарысты вельмі цікава працавалі з дзецьмі і моладдзю. Два ў адным: настаўнік + святар = піяр! І так сталася! Я моцна верыў у тое, чаго прагнуў ад мяне Езус, і не памыліўся!

Сёння я ў школе Езуса Хрыста, і нясу сваё служэнне Богу і Яго Касцёлу ў харызме св. Юзафа Каласанса, дбаючы асабліва пра навучанне і выхаванне дзяцей і моладзі. Пакінуўшы ўсё, я знайшоў шчасце!

 Падрыхтавала Ірына Грэйць

Вынікі апытання на сайце Сatholicnews.by і ў Facebook, Укантакце, Аднакласніках:

 Ці думалі Вы стаць святаром або манахіняй?

Часам з’яўляюцца мімалётныя думкі (84 галасы);

Так, але гэта было даўно і несур’ёзна (52 галасы);

Думкі пра гэта не даюць мне спакою (49 галасоў);

Думаю, але ажыццявіць гэта ўжо позна (36 галасоў);

Ніколі не думаў пра гэта (31 голас);

Ажыццявіў думку і стаў духоўнай асобай (21 голас).

Усяго галасоў – 273

для друку для друку