Ці адзначаць католіку Радаўніцу?

Радаўніца ‒ гэта дзень памінання памерлых, які праваслаўныя хрысціяне адзначаюць у аўторак другога тыдня Пасхі. У календары католікаў падобнае свята адзначаецца 2 лістапада, але маліцца за памерлых і наведваць могілкі можна ў любы дзень.

А таму нікому не забараняецца наведваць могілкі ў тым ліку і на Радаўніцу. Тым больш у Беларусі гэта дзяржаўнае свята, а значыць вольны ад працы дзень, і таму добрая магчымасць паклапаціцца пра стан могілак, на якіх бываем нячаста.

Варта толькі памятаць, што пакіданне на могілках шклянак з вадой, хлеба ці фарбаваных яек не мае нічога агульнага з хрысціянствам. Годным успамінам памерлых з’яўляюцца запаленая на магіле свечка і прынесеныя кветкі, але перш за ўсё — малітва. А наконт свечак кс. Станіслаў Мжыглуд SDS адзначыў так: «свечка – гэта прыгожы сімвал нашай малітвы: агонь як малітва ўзносіцца ў неба, але сама па сабе, без малітвы, яна нічога невартая. Памерлым можам дапамагчы толькі малітвай, калі яны гэтага патрабуюць».

Для інфармацыі: адныя лічаць, што слова «радаўніца» ці «радуніца» запазычана ў балтаў: у літоўскай мове raudine азначае «малітву за памерлых з плачам і галашэннем», а rauda  — «плач з галашэннем». Іншыя трымаюцца думкі, што назва Радуніца — трансфармаваная калька з лацінскай Rosalia, «дзень ружаў» (назва свята памінання мёртвых). Гэты дзень быў прыняты і пераасэнсаваны Рускай Праваслаўнай Царквой.

Святлана Жылевіч, waladarka.by

для друку для друку