Ці адносіцца праваслаўная канфесія да Царквы Хрыстовай?

православного храма Преображения Господня“Ці належыць праваслаўная канфесія да Царквы Хрыстовай? Як належыць? А то маскоўскія каталікі на сваіх форумах “крычаць”, што не”. Генавэфа

На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель CSsR:

– Дагматычная канстытуцыя ІІ Ватыканскага сабору пра Касцёл «Ad gentes» дае наступнае афіцыйнае вызначэнне, чым ёсць Хрыстовы Касцёл: «Хрыстус, адзіны Пасярэднік, устанавіў і няспынна падтрымлівае тут, на зямлі, свой святы Касцёл, супольнасць веры, надзеі і любові як бачную структуру, пасылаючы праз яго праўду і ласку для ўсіх. Супольнасць, забяспечаная іерархічнымі органамі, і Містычнае цела Хрыста, бачны сход і духоўная супольнасць, зямны Касцёл і Касцёл, надзелены нябеснымі дарамі, не могуць разумецца як дзве асобныя рэчы; наадварот, яны ўтвараюць адну складаную рэчаіснасць, якая вырастае з Боскага і чалавечага элементаў. (…) Гэта і ёсць адзіны Хрыстовы Касцёл, які мы вызнаём у Сімвале веры як адзін, каталіцкі і апостальскі, які наш Збаўца пасля свайго ўваскрасення наказаў пасвіць Пятру (пар. Ян 21, 17), даручаючы яму і іншым Апосталам пашыраць яго і кіраваць ім (пар. Мц 28, 18 наст.), і які ўстанавіў навекі як калону і падмурак праўды (пар. 1 Цім 3, 15).

Гэты Касцёл, заснаваны і ўладкаваны на гэтым свеце як супольнасць, трывае у Каталіцкім Касцёле, каторым кіруюць наступнік Пятра і біскупы, якія застаюцца з ім у супольнасці, хоць па-за яго складам знаходзіцца шмат элементаў асвячэння і праўды, што як уласцівыя дары Хрыстовага Касцёла схіляюць да каталіцкай еднасці».

Гэтую ж праўду паўтарае дэкларацыя Кангрэгацыі дактрыны веры «Dominus Iesus», выдадзеная ў 2000 годзе: «У сувязі з адзінасцю і сусветным характарам збаўчага пасярэдніцтва Езуса Хрыста неабходна цвёрда верыць у праўду каталіцкага веравучэння аб адзінасці заснаванага Ім Касцёла. Паколькі ёсць адзін Хрыстус, то існуе адно цела Хрыста і адна Нявеста Гасподняя: «Адзіны Сусветны і Апостальскі Касцёл». «II Ватыканскі Сабор імкнуўся ўраўнаважыць два верапавучальныя сцвярджэнні: з аднаго боку, што Касцёл Хрыстовы, нягледзячы на падзелы, якія існуюць паміж хрысціянамі, знаходзіцца ў паўнаце толькі ў Каталіцкім Касцёле; з другога боку – тое, што «па-за яго межамі таксама можна сустрэць шмат элементаў асвячэння і праўды» (г.зн. у цэрквах і царкоўных супольнасцях, якія не знаходзяцца ў дасканалай еднасці з Каталіцкім Касцёлам). Існуе толькі адна «субстанцыя» праўдзівага Касцёла, у той час як па-за яго бачнай структурай знаходзяцца толькі яго элементы, якія, будучы элементамі таго ж самага Касцёла, накіраваны і вядуць да Каталіцкага Касцёла». Аднак, прымаючы гэта пад увагу, неабходна сцвярджаць, што «сіла іх зыходзіць ад той паўнаты ласкі і праўды, якая нададзена Каталіцкаму Касцёлу».

У іншым дакуменце ІІ Ватыканскага сабору – дэкрэце пра экуменізм «Unitas redintegratio» – адносна непасрэдна праваслаўных цэркваў гаворыцца: «Святы Сабор з радасцю разам з іншымі ўзнёслымі справамі нагадвае, што на Усходзе квітнее шмат асобных, г.зн. мясцовых Касцёлаў, сярод якіх галоўнае месца займаюць патрыярхальныя Касцёлы. (…) Нельга забываць, што Усходнія Касцёлы ад самага пачатку маюць скарб, з якога многае пазычыў Заходні Касцёл у сферы літургіі, духоўнай традыцыі i юрыдычнага парадку. Нельга таксама недаацэньваць тое, што асноўныя дагматы хрысціянскай веры пра Найсвяцейшую Тройцу i пра Божае Слова, якое прыняло цела з Дзевы Марыі, былі сфармуляваны на Сусветных Саборах, што адбыліся на Усходзе. Гэтыя Касцёлы шмат выцерпелі i надалей церпяць для захавання веры».

Такім чынам, як сцвярджае дэкларацыя «Dominus Iesus», «існуе адзіны Касцёл Хрыстовы, які трывае ў Каталіцкім Касцёле, каторым кіруюць наступнік Пятра і біскупы, што застаюцца з ім у супольнасці. Цэрквы, якія не знаходзяцца ў дасканалым адзінстве з Каталіцкім Касцёлам, застаючыся аб’яднанымі з ім моцнымі сувязямі – апостальскай пераемнасцю і сакрамантам Эўхарыстыі, – з’яўляюцца сапраўднымі памеснымі Касцёламі. Акрамя таго, Касцёл Хрыстовы знаходзіцца і дзейнічае таксама і ў гэтых цэрквах, нават калі ім не хапае поўных зносінаў з Каталіцкім Касцёлам і яны не прымаюць вучэння пра вяршэнства ўлады, якой, па волі Божай, валодае Біскуп Рыма».

для друку для друку