“Хвала Хрысту! Адкажыце, калі ласка, ці абавязкова пры нараджэнні дзіцяці выбіраць імя паводле святых?”
Святлана
На пытанне адказвае кс. Кірыл Бардонаў:
– Імя, якое даецца пры нараджэнні, звычайна з’яўляецца хросным імем чалавека. Таму, Святлана, адказваючы на Вашае пытанне, мы будзем мець на ўвазе хроснае імя. У каноне 855 “Кодэкса Кананічнага Права Рымска-Каталіцкага Касцёла” можна прачытаць, што дзіцяці не трэба даваць імя, якое супярэчыць хрысціянскаму духу. Гэта норма змешчана ў раздзеле пра хрост. “Антыхрысціянскім” імем, напрыклад, магло б быць тое, што звязана з сатанізмам. Раней імя для дзіцяці часта выбіралася адпаведна з тым, якога святога ўспамінаюць у дзень нараджэння чалавека. Таму імяніны і дзень нараджэння супадалі, а некаторыя да гэтага часу лічаць гэтыя словы сінонімамі.
Цяпер можна заўважыць адыход ад гэтай практыкі. Увогуле, бацькі не абавязаны даваць свайму дзіцяці імя святога або святой, такім чынам, “нейтральныя” імёны не забаронены. Некаторыя аргументуюць выбар імя дзіцяці, аналагічнага з імем святога, тым, што святы будзе асаблівым апекуном для яго і прыкладам. Таму душпастыры заахвочваюць да выбару такога імя.
Некаторыя, даючы свайму дзіцяці “нейтральнае” імя, аргументуюць гэта магчымасцю выбраць другое імя пры ўдзяленні сакраманту канфірмацыі (бежмавання). Асобныя мясцовыя касцёлы, дзе існаваў такі звычай, паступова адыходзяць ад практыкі даваць другое імя пры канфірмацыі, каб яшчэ больш падкрэсліць сувязь канфірмацыі з хростам.
