Цэнтральная Афрыка: 26 гадзін для Святога Айца

afrykaДастаткова было крыху больш за дваццаць шэсць гадзін у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, каб шлях Папы Францішка стаў адным з самых важных падарожжаў яго пантыфікату. Святы Айцец змог даць сведчанне ўсяму свету і заявіць аб неабходнасці прымірэння ў краіне, якая з усіх сіл, з дапамогай міжнароднай супольнасці, спрабуе загаіць раны, нанесеныя ў выніку грамадзянскай вайны і крайняй галечы. Так падсумавала папаскае падарожжа «L’Osservatore Romano».

Жыхары Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі зразумелі гэта, лічыць галоўны рэдактар ватыканскай газеты Джавані Марыя В’ян. Вось чаму Пантыфіка сустрэлі настолькі ўрачыста на перапоўненых людзьмі вуліцах Бангі.

Часы вельмі суровыя, прызнаў Францішак, адпраўляючы заключную Эўхарыстыю на залітым сонцам стадыёне сталіцы краіны, але вера ў Езуса з’яўляецца рэальнасцю адкрытай для канчатковай будучыні, якая “ўжо змяняе наша цяперашняе жыццё і свет, у якім мы жывём”. Гэта паказаў усім сам Папа нечаканым жэстам, спускаючыся ад алтара, каб паціснуць у знак спакою руку імама Бангі, прысутнага на св. Імшы ў мясцовай катэдры. “Мы, хрысціяне і мусульмане, браты”, — падкрэсліў ён пазней у мячэці: браты, якія павінны адкінуць нянавісць і насілле.

Кульмінацыяй афрыканскага падарожжа стала беспрэцэдэнтная ініцыятыва. Упершыню за межамі Рыма Папа адкрыў Святыя дзверы, сімвал Юбілею Міласэрнасці, напярэдадні яго распачацця ў Каталіцкім Касцёле, адзначаецца ў ватыканскай газеце. Горад у самым сэрцы Афрыкі з волі Пантыфіка стаў “духоўнай сталіцай свету”. І гэта важна, каб чалавецтва звярнула ўвагу на кантынент, дзе людзі “нават не маюць сіл, каб рэагаваць, толькі чакаюць міласціны, міласціны ў выглядзе хлеба, міласціны ў выглядзе справядлівасці, міласціны ў выглядзе ўвагі і дабрыні”, — сказаў Святы Айцец, дадаўшы, што “мы ўсе чакаем ласкі, міласціны ў выглядзе міру”.

Ватыканскае радыё

для друку для друку