Тры скрыні, або Пачатак

Калі я ўзялася пісаць артыкул, то доўга думала над тэмай, каб і карысна, і цікава, і з прыкладамі, адносна ўніверсальна. “Распачынаць варта спачатку” – думала я. Але дзе той пачатак? Як у тым выслоўі: ці курыца з яйка ці яйка з курыцы? Як вядома, чалавек паходзіць з сям’і, сям’я – база, крыніца, падмурак. Але ж сям’я і складаецца з гэтых самых “чалавекаў”!

Думаючы пра пачатак, прыйшло ў галаву звярнуцца да Бібліі. Ну вядома! Самы лепшы “google”, дзе змяшчаюцца адказы. “Ага, Бог стварыў чалавека, і толькі пасля людзі ўтварылі сям’ю”. Вось і пачатак майго артыкула. Такім чынам, чалавек.

Калісьці мая выкладчыца па псіхалогіі метафарычна распавядала пра часткі, з якіх складаюцца людзі. З задавальненнем карыстаюся гэтым прыкладам, і, крыху перапрацаваўшы, прыводжу яго тут.

Уявіце сабе ўтульную Нябесную майстэрню, дзе Бог стварае Асобу. Вакол высокія паліцы з рознымі скрынямі і скрынечкамі. Працоўнае месца, Бог штосьці лепіць, раўняе, выдувае – стварае цела, укладае прыгожую ўнікальную душу. З’яўляецца новы Чалавек, якога ніколі да гэтага не было, якога ніколі пасьля гэтага ня будзе. Бог разглядае, усміхаецца, магчыма, кажа Сваё: “Добра!” І перад тым, як адправіць новую асобу на зямлю да бацькоў, каторыя будуць клапаціцца пра Яго стварэнне, Бог дорыць Чалавеку тры скрыні. Дары, якімі асоба можа карыстацца ўсё сваё жыцьцё.

У першай скрыні захоўваюцца думкі – з гэтага часу чалавек мае сваё меркаванне, можа разважаць і рабіць высновы, ацэньваць сітуацыі, ствараць вобразы. У другой – эмоцыі. Цяпер у кожны момант свайго жыцця чалавек штосьці адчувае: радасць ці сум, страх ці здзіўленне, гнеў, любоў, раздражненне, захапленне і шмат іншага. Трэцяя скрыня з жаданнямі. Усё, што хочацца, у чым ёсць патрэба, што можа прынесці радасць – усё тут.

Такім чынам, знаёмцеся! Перад намі чалавек, які кожную хвіліну штосьці адчувае, пра нешта думае, чагосьці жадае. Увесь гэты набор мусіць дапамагчы дзіцяці пазнаваць свет, навучыць узаемадзейнічаць з людзьмі і наваколлем, распазнаць свае ўласныя таленты, моцныя бакі, а ў больш шырокім сэнсе – дапамагчы чалавеку зрабіць сваё жыццё якасным, напоўненым, больш шчаслівым. Задача бацькоў – заўважаць, любіць і развіваць усяго чалавека цалкам, з усім наборам.

На жаль, у постсавецкім грамадстве мы маем праблему з прыняццем Асобы. Часта больш забяспечваюць дзяцей матэрыяльна, клапоцячыся пра здароўе, харчаванне, адукацыю (і гэта добра!), але ня ўмеюць заўважаць эмоцыі, пачуцці, жаданні, аўтэнтычную цікавасць маленькіх людзей, такім чынам забіраючы тыя дары, якія дадзены кожнаму па праву існавання. Якім чынам гэта адбываецца?

Хлопчыку, каторы пабіў каленка: “Не плач! Мужчыны не плачуць!” Дзяўчынцы, якая заглядаецца на новую сукенку: “Цэлая шафа ў цябе гэтых ануч! Маці трэці год у старых ботах ходзіць. Эгаістка!” Дзецям-пагодкам, што гучна бавяцца, скачуць на ложку: “Ну! Селі і супакоіліся! Галава ад вас баліць. Зараз рэмень дастану!”

Так па кропельцы забіраюцца Божыя дары, ламаюцца, крадуцца: не перажываць, не сумаваць, не радавацца, не хацець! І тут гаворка не пра тое, каб не рабіць заўваг, не выхоўваць добрыя якасці ў дзетак, набываць усё, што просяць. Гаворка пра здольнасьць захоўваць чалавека такім, якім стварыў яго Бог, памнажаючы яго ўнутранае багацце, развіваючы здольнасці. Заўважыць пачуцці дзяцей, назваць іх, патлумачыць, паспачуваць, пабыць з дзіцём у тым, што сапраўды мае значэнне для яго – важная задача бацькоў. І нават калі сын ці дачка не атрымаюць новую машынку, ляльку, сукенку ці тэлефон, не пазабаўляюцца гучна познім часам, у іх застанецца здольнасьць адчуваць, марыць, планаваць, хацець, імкнуцца, мець магчымасьць рабіць высновы, выбіраць і перажываць сваё жыццё побач з вамі.

Пра эмоцыі, іх значэнне ў жыцці чалавека, а таксама цяжкасці, звязаныя з выкарыстаннем асобных эмоцый, паразмаўляем у наступным нумары.

Дзякуй за ўвагу!

*абясцэньваць пачуцці і жаданьні – маецца на ўвазе рабіць нязначным, няважным і нецікавым пачуцці і жаданні іншага чалавека.

Таццяна Палхоўская, псіхолаг

для друку для друку