- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Тры рысы добрага святара ад Папы Францішка

[1]Нястомна маліцца, заўсёды знаходзіцца на шляху і дзяліцца з іншымі ад ўсяго сэрца – такімі павінны быць маладыя святары, лічыць Папа Францішак.

1 чэрвеня 2017 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі па справах духавенства. У прамове ён засяродзіўся на выкліках, звязаных з фармацыяй святароў у святле абнародаваных у мінулым годзе асноўных норм святарскай фармацыі – “Ratio fundamentalis institutionis sacerdotalis”.

Святы Айцец заўважыў, што часта пра моладзь думаюць павярхоўна і вешаюць на яе ярлык “ліквіднага” пакалення, якое не мае гарачых памкненняў і ідэалаў. Канешне, ёсць дызарыентаваныя, несфарміраваныя, заражаныя культурай спажывецтва і індывідуалізма маладыя людзі. Але моладзь здольная высока трымаць галаву перад жыццёвымі выклікамі, з “шчодрасцю ўключацца ў гульню”, адважна глядзець у будучыню, быць крэатыўнай і велікадушнай, калі гаворка ідзе пра прысвячэнне сябе іншым людзям ці ідэалам салідарнасці, справядлівасці і міру, адзначыў Францішак.

Ён нагадаў, што на працягу гісторыі Бог часта карыстаўся дапамогай асоб, якіх усе лічылі “малымі”. Ён нагадаў пра пакліканне прарокаў Самуэля і Ераміі, караля Давіда, вучняў Езуса. “Вось, што я хацеў сказаць маладым святарам: вы былі выбраны, вы дарагія для Пана!”, — падкрэсліў Папа і заклікаў пробашчаў і біскупаў разлічваць на маладых святароў, а не толькі бачыць у іх людзей, патрэбных для запаўнення “пустых месцаў” у парафіях ці дыяцэзіях. Ён прызнаўся, што заўсёды радасна сустракацца з маладымі святарамі, бо ён бачыць у іх маладосць Касцёла.

Паводле Францішка, асабліва важнай для маладых святароў з’яўляецца нястомная малітва. Каб быць “лаўцамі людзей” трэба, у першую чаргу, самім адчуваць сябе “злоўленымі” пяшчотай Пана. “Калі не будзем моцна злучаныя з Ім, наша “лоўля” не будзе паспяховай. Маліцеся заўсёды, прашу вас!”, — сказаў Папа. На яго думку, малітва, адносіны з Богам, клопат аб духоўным жыцці, напаўняюць святарскае служэнне душой, а служэнне, у сваю чаргу, умацоўвае духоўнае жыццё.

Святы Айцец лічыць, што святары заўсёды павінны ісці наперад, ніколі не лічыць сябе тымі, хто дасягнуў мэты. Важна заставацца вучнямі, пілігрымамі на шляху Евангелля і жыцця, якія “маюць доступ да парогаў Божай таямніцы і святой зямлі давераных ім людзей”. Важна заўсёды быць адкрытымі на новае, што дазволіць быць “крэатыўнымі ў евангелізацыі, з праніклівасцю прысутнічаць у новых месцах камунікацыі”. Папа таксама адзначыў патрэбу ў пастаянным кантакце з іншымі святарамі і небяспеку “закамянеласці ва ўласных дасягненнях ці засяроджанасці на ўласных схемах”.

Паводле яго, важна, каб святары маглі дзяліцца з іншымі сваім жыццём, асабліва з маладымі людзьмі. Трэба слухаць іх пытанні, удзельнічаць у іх жыцці. “Моладзь не мае патрэбы ў прафесіяналах культу ці героях, якія з вышыні ці звонку адказваюць на іх пытанні. Іх больш прывабліваюць тыя, хто здольны шчыра заняцца іх жыццём, з павагай становячыся побач з імі і слухаючы іх з любоўю”, — сказаў Папа.

Ён падкрэсліў, што святарскае жыццё не з’яўляецца лёгкім, у ім трэба мець вялікі давер да Бога. “Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, якая нястомна малілася, крочыла за сваім Сынам і дзялілася сваім жыццё аж да крыжа, вядзе нас і заступаецца за нас”, — сказаў да ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі па справах духавенства Пантыфік.

Ватыканскае радыё [2]