Трансляцый святой Імшы на радыё ў верасні не будзе. Тэхнічныя прычыны — ні пры чым

Ілюстрацыйны здымак, sevastopol.su

Вернікі з розных куткоў Беларусі, асабліва пажылыя і хворыя людзі, не перастаюць задаваць пытанні, чаму з радыё зніклі рэгулярныя трансляцыі святой Імшы па нядзелях.

Кожны католік абавязаны ўдзельнічаць у святой Імшы ва ўсе нядзелі і ў прадпісаныя ўрачыстасці. Для многіх людзей радыётрансляцыя — практычна адзіная магчымасць далучыцца да малітвы Касцёла, паслухаць Божае слова і прыняць духоўную камунію.

Як паведаміў Catholic.by пробашч катэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску ксёндз канонік Антоній Клімантовіч, у верасні радыётрансляцый зноў не будзе — іх папросту няма ў эфіры, хоць у праграме па-ранейшаму пазначана перадача, што называецца «Каталіцкая пропаведзь».

«Чаму няма Імшы на радыё? Гэта адбываецца дакладна не па нашай віне і не па тэхнічных прычынах.

Святая Імша па-ранейшаму цэлебруецца ў катэдры ў 8.15 кожную нядзелю, апаратура працуе спраўна і сігнал ідзе, аднак трансляцыі няма.

Усе пытанні, чаму так адбываецца, — да кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі», — сказаў святар.

Нагадаем, што раптоўнае спыненне трансляцый святой Імшы на радыё Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі расцаніў як факт пераследу Касцёла.

Запыты адносна таго, чаму перасталі адбывацца трансляцыі святой Імшы з мінскай катэдры, трэба скіроўваць на адрас: 220114, г. Мінск, вул.Чырвоная, 4

або на электронную пошту: radio1@tvr.by

Свае паведамленні можна напісаць у «Гасцявую кнігу» беларускага радыё ТУТ>>>

Пытанні можна задаць таксама па тэлефоне: +375 (17) 284 84 24

для друку для друку