Трагедыя ў Клюшчанах: пры рамонце згарэлага касцёла загінуў рабочы

Брыгада працавала без рэгістрацыі і выкарыстоўвала самаробныя рыштаванні, паведамілі ў Следчым Камітэце.

У вёсцы Клюшчаны Астравецкага раёна на Гродзеншчыне адбылася трагедыя: пры рэстаўрацыі касцёла святога Яхіма загінуў будаўнік. 30-гадовы мужчына выконваў працы на вышыні, ён абшываў сцяну сайдынгам. Аднак рыштаванні аказаліся кепска замацаванымі і абрынуліся, разам з імі ўпаў будаўнік са Смаргоні. Ён разбіўся і памёр да прыезду “хуткай”.

Справа ў тым, што летась у Клюшчанах здарылася бяда: згарэў драўляны каталіцкі храм.

Гэты касцёл вядомы тым, што тут служыў айцец Канстанцін Стаповіч (паэтычны псеўданім — Казімір Сваяк).

Як раз у гэтым храме ў 1915 годзе ён прамовіў адно з першых сваіх казанняў на беларускай мове, што ў той час было ў навіну. А наогул касцёл быў пабудаваны яшчэ ў 1726 годзе і дзейнічаў да 1948 года, калі быў зачынены савецкай уладай. У 1990-я яго аднавілі і адбудавалі. Паўторнае пасвячэнне храма адбылося ў 1993 годзе.

Неўзабаве пасля пажару быў абвешчаны збор грошай на аднаўленне храма. І вось на днях звонку згарэлага будынка касцёла праводзіліся работы. “Брыгада будаўнікоў працавала без рэгістрацыі і выкарыстоўвала самаробныя будаўнічыя рыштаванні. У нейкі момант яны адышлі ад вонкавай сцяны храма з-за няўстойлівай устаноўкі. Гэта прывяло да падзення рабочага”, — гаворыцца ў паведамленні Упраўлення Следчага камітэта, якое праводзіць праверку па факце гібелі чалавека.

www.katolik.life

 

для друку для друку