- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Традыцыя святкавання ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай прэтэндуе на ўнясенне ў спіс ЮНЕСКА

Budslau_unesko [1]Беларуская традыцыя святкавання ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай прэтэндуе на ўнясенне ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА [2] паведаміла начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч.

Беларускае прадстаўніцтва ў спісах нематэрыяльнай культурнай спадчыны сусветнага значэння ЮНЕСКА (а гэта Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва і Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая мае патрэбу ў тэрміновай ахове) сёння невялікае.

Упершыню ў 2009 годзе беларускі абрад увайшоў у Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая мае патрэбу ў тэрміновай ахове. Ім стаў унікальны абрад «Калядныя цары», які ўключае ў сябе элементы каляднага карнавалу і народнай драмы «Цар Максіміліян». Абрад характэрны толькі для вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці.

Сёння яшчэ адзін беларускі элемент нематэрыяльнай культуры знаходзіцца ў ліку саіскальнікаў на прадстаўніцтва ў сусветнай спадчыне. Файл «Святкаванне ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай» намініраваны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ў гэтым годзе, на сайце ЮНЕСКА ён размешчаны ў пераліку тых прэтэндэнтаў, якія будзе ацэньваць міжурадавы камітэт ЮНЕСКА ў лістападзе 2016 года.

Са студзеня па верасень будучага года файл пройдзе навуковую экспертызу, а затым на сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (ЮНЕСКА), што пройдзе ў Эфіопіі, будзе прынята рашэнне, расказала Ала Сташкевіч.

Спецыяліст дадала, што Беларусь мае намер актывізаваць свае дзеянні па прадстаўленні элементаў спадчыны ў спісы сусветнага значэння. Акрамя нацыянальных файлаў ёсць шматнацыянальныя файлы, калі некалькі краін прадстаўляюць роднасны элемент. Напрыклад, у спіс ЮНЕСКА ўключаны файл «Танец танга», роднасць якога аб’ядноўвае некалькі краін, або «Мусульманскае свята «Наўруз», да якога далучыліся больш за дзясятак краін мусульманскага свету.

У гэтым годзе Славакія, прапанаваўшы намініраваць музычны інструмент, вельмі падобны да беларускай дуды, запрасіла іншых удзельнікаў далучацца да гэтага файла. Як мяркуецца, збіраюцца далучыцца да намінацыі Польшча і Чэхія. Беларускія спецыялісты таксама могуць падрыхтаваць сваю прапанову да сакавіка будучага года.

«Калі існуе магчымасць удзелу ў шматнацыянальным праекце, то гэты шанц не трэба ўпускаць, паколькі сумесная намінацыя пацвярджае прыналежнасць беларускай культурнай традыцыі да еўрапейскіх каранёў, пашыраючы тым самым рамкі нашай нацыянальнай ідэнтычнасці. Удзел у шматнацыянальнай намінацыі не менш пачэсны, чым правядзенне нацыянальнага файла. Акрамя таго, з улікам зацверджанай працэдуры ЮНЕСКА, краіна-ўдзельнік канвенцыі можа падаваць толькі адну намінацыю ў год, а далучэнне да шматнацыянальнай намінацыі такім чынам пашырае гэтыя магчымасці да дзвюх», — сказала Ала Сташкевіч.

Для Беларусі перспектыўную цікавасць уяўляе сумесная работа з Польшчай, Украінай, Літвой па стварэнні агульных намінацый, таму што краіны маюць падобныя элементы нематэрыяльнай культуры.

Як прыклад — велікодныя вербы або пальмы, якія вырабляюць у Беларусі і на Віленшчыне (Літва). У Беларусі, акрамя Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей, куды ўключаецца як матэрыяльная, так і нематэрыяльная спадчына, існуе з 2014 года Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Ён змяшчае больш за 70 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Інвентар мае анлайн-версію, сайт «Жывая спадчына Беларусі» на беларускай і англійскай мовах.

Такая нацыянальная база даных — папярэдняя стадыя для прэтэндэнтаў на ўключэнне ў спісы, паколькі перш чым трапіць у інвентар, элемент праходзіць экспертызу ў Інстытуце культуры Беларусі, у Акадэміі навук, і толькі пасля ўсяго паступае на разгляд Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады, якая робіць заключэнне, растлумачыла спецыяліст.

Акрамя таго, у Беларусі створана сетка рэгіён-цэнтр у галіне аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У кожнай з шасці абласцей вызначаны куратарскія цэнтры, якія складаюць і штогод абнаўляюць рэгіянальныя спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, праводзяць маніторынг асобных элементаў, ствараюць умовы для іх аховы, працуюць з непасрэднымі носьбітамі спадчыны. У рэгіёнаў ёсць устойлівая матывацыя ў правядзенні гэтай работы, паколькі нематэрыяльная культурная спадчына адлюстроўвае спецыфіку іх культуры і з’яўляецца своеасаблівым брэндам тэрыторыі.

Гаворачы аб падрыхтоўцы файлаў для намінацый у спісы ЮНЕСКА, Ала Сташкевіч падкрэсліла, што гэта складаны працэс. Акрамя таго, што важна дакладна разумець, як гэта рабіць, неабходны яшчэ і фінансавыя сродкі для здымкі фільма, падрыхтоўкі фотапартфоліа, перакладу на англійскую мову. Механізм фінансавання гэтых дзеянняў пакуль не адпрацаваны.

Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА 2003 года ў ліку першых — у 2004 годзе. Усяго канвенцыю ратыфікавалі 164 краіны свету. У Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўваходзяць 24 краіны. Ратацыя ўдзельнікаў адбываецца кожныя два гады.

Беларусь уваходзіла ў склад камітэта з 2005 па 2009 год. Еўрапейскую групу цяпер у камітэце прадстаўляюць Венгрыя, Латвія, Грэцыя. Беларусь плануе балаціравацца зноў у склад міжурадавага камітэта ў 2017 годзе.